Адбыўся круглы стол “Часопісу «Беларуская лінгвістыка» – 50”

У сувязі з 50-гадовым юбілеем часопіса “Беларуская лінгвістыка” ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбылося пасяджэнне круглага стала, у рабоце якога прынялі ўдзел члены рэдкалегіі, супрацоўнікі Выдавецкага дома “Беларуская навука”, супрацоўнікі інстытута. Ва ўступным слове дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, галоўны рэдактар часопіса Ігар Лявонавіч Капылоў адзначыў, што такі юбілей для выдання – адзнака сталасці адзінага навуковага лінгвістычнага часопіса ў нашай краіне. “Беларуская лінгвістыка” – маштабная пляцоўка для рэалізацыі навуковага патэнцыялу і вядомых вучоных, і тых, хто толькі ўключыўся ў навуковы працэс, хто робіць першыя крокі ў навуку. Гэта адначасова і пляцоўка міжведамаснага ўзаемадзеяння, для міжнароднага супрацоўніцтва.

На пасяджэнні круглага стала выступіла Вольга Міхайлаўна Нікалаева, адказны сакратар часопіса, вядучы навуковы супрацоўнік, кандыдат філалагічных навук.

Яна падкрэсліла, што сама ідэя стварэння часопіса, адрасаванага ўсёй навуковай мовазнаўчай супольнасці Беларусі, належала супрацоўнікам акадэмічнага Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа як цэнтра навуковай лінгвістычнай думкі краіны. В.М. Нікалаевай быў прадстаўлены тэматычны агляд апублікаваных за ўсе гады існавання часопіса артыкулаў і матэрыялаў, згаданы імёны айчынных і замежных мовазнаўцаў, якія ўнеслі важкі ўклад у развіццё сучаснага беларускага і славянскага мовазнаўства сваімі карпатлівымі даследаваннямі, цікавымі назіраннямі над сінхронным і дыяхранічным моўным матэрыялам – беларускім і шырэй – славянскім, а таксама балтаславянскім, германскім, раманскім, арабскаграфічным, шматлікімі напрацоўкамі ў розных галінах лінгвістыкі і разнастайных моўных аспектах, з прымяненнем усяго багацця метадаў даследавання – усім тым, што адлюстравана ў публікацыях часопіса на працягу паўстагоддзя.

Успамінамі аб айчынных і замежных вучоных, якія публікавалі навуковыя матэрыялы ў пачатковы перыяд існавання часопіса, падзяліўся вядомы мовавед-славіст, галоўны супрацоўнік інстытута Генадзь Апанасавіч Цыхун, які стаяў каля вытокаў стварэння гэтага выдання.

За высокі прафесіяналізм, шматгадовую добрасумленную працу і ўзорнае выкананне абавязкаў В.М. Нікалаева, якая на працягу 30 гадоў з’яўляецца адказным сакратаром часопіса, была ўзнагароджана Граматай Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў. Граматамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа былі ўзнагароджаны галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы, член-карэспандэнт Аляксандр Мікалаевіч Булыка за вялікі ўклад у развіццё айчыннага мовазнаўства, высокія паказчыкі ўдзелу ў навуковых публікацыях “Беларускай лінгвістыкі і ў сувязі з 50-гадовым юбілеем часопіса, а таксама загадчык рэдакцыі кніжных і перыядычных выданняў Выдавецкага дома “Беларуская навука” Таццяна Гарбачэўская і рэдактар рэдакцыі кніжных і перыядычных выданняў Выдавецкага дома “Беларуская навука” Аксана Масухранава.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы