Сустрэча з курсантамі факультэта крымінальнай міліцыі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь

20 лютага 2023 г. у Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы, які паводле рашэння 30-й сесіі Генеральнай асамблеі ЮНЕСКА (1999 г.) адзначаецца кожны год 21 лютага як садзейнічанне абароне і захаванню моў народаў свету.

Падчас сустрэчы з курсантамі і выкладчыкамі кафедр канстытуцыйнага і міжнароднага права, беларускай і замежных моў галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Мароз Валянціна Канстанцінаўна правяла гутарку на тэму «Канстытуцыйны статус беларускай мовы».

Увага прысутных была засяроджана на пытанні, чаму ў сучасным свеце такую актуальнасць набыла праблема захавання моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі. Адказам з’явілася выснова, што ва ўмовах глабалізацыі паскорыліся працэсы знікнення як народных гаворак, дыялектаў, так і асобных моў. Адносна ўстойлівы запас імунітэту застаецца пераважна ў тых моў, якія ў сваім развіцці дасягнулі ўзроўню нацыянальных. Да такіх моў належыць і беларуская мова, якая функцыянуе ў дзвюх формах – народна-дыялектнай і літаратурнай, на якой створана не толькі багатая i самабытная мастацкая лiтаратура, але распрацоўваецца рознагаліновая навуковая тэматыка, выдаюцца арыгінальныя і перакладныя творы канфесійнага характару.

У Рэспубліцы Беларусь беларуская мова знаходзіцца пад дзяржаўнай абаронай. Паводле Канстытуцыі, якая мае найвышэйшую юрыдычную сілу і замацоўвае базавыя прынцыпы і нормы прававога рэгулявання найважнейшых грамадскіх адносін, кожнаму гарантавана права захавання сваёй нацыянальнай прыналежнасці, карыстання роднай мовай, вызначэння мовы зносін, выбару мовы выхавання і навучання: «Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння і ўказання нацыянальнай прыналежнасці. Знявага нацыянальнай годнасці караецца згодна з законам. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання». (Артыкул 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года (са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 г., 17 кастрычніка 2004 г. і 27 лютага 2022 г. )

У процівагу працэсам глабалізацыі ўсталяванне моўных і культурных традыцый у дачыненнях паміж народамі і дзяржавамі спрыяе ўзаемапаразуменню, талерантнасці, наладжванню дыялогу. Артыкул 2 «Дзяржаўныя мовы, іншыя мовы ў Рэспубліцы Беларусь» Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь канстатуе: «Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі».

Мова кожнага народа выступае найважнейшым сродкам выхавання патрыятызму, сыноўскай адданасці свайму народу, непарыўнай сувязі з папярэднімі пакаленнямі. Выказанае ў праграмным творы класіка беларускай літаратуры Пімена Панчанкі «Ці плачу я, ці пяю, // Ці размаўляю з матуляю – // Песню сваю, мову сваю // Я да грудзей прытульваю» знайшло ўвасабленне ў 54 артыкуле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: «Кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці. Захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа, патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь».

Сучаснай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь папярэднічала Канстытуцыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ( 191919271937 і 1978 гадоў), дзе таксама знайшлі адлюстраванне пытанні ўрэгулявання моўных адносін як паміж саюзнымі рэспублікамі, так і грамадзянамі розных нацыянальнасцяў.

Зацікаўленасць у аўдыторыі выклікала інфармацыя пра моўна-прававыя нормы Статута ВКЛ 1588 г.: «А писар земский маеть по-руску литерами и словы рускими все листы, выписы и позвы писати, а не иншым языком и словы» (1-ы параграф 4-га раздзела Статута ВКЛ 1588 г.). Значэнне Статута, надрукаванага на старажытнай беларускай мове, у яго даступнасці шырокім колам насельніцтва ВКЛ. Статут увасобіў найвышэйшыя дасягненні тагачаснай прававой культуры і значна паўплываў на развіццё права Польшчы, Расіі, Украіны, Латвіі, Эстоніі.

Родная беларуская мова з’яўляецца жыватворнай крынiцай духоўнага жыцця нацыі. Глыбокі сэнс вызначэння гэтага паняцця выказаны беларускім вучоным ХІХ ст. Аляксандрам Ельскім: «Родная мова ў дакладным значэнні ёсць самая любімая спадчына нацыі: праз яе найлягчэй пранікнуць у душу нацыі, закрануць пачуцці, праясніць розум, падштурхнуць адпаведную думку, заклікаць да дзеяння, змагацца са страсцямі, ствараць дабрачыннасці». У душы кожнага беларуса знаходзіць водгук патрыятычная пазіцыя народнага паэта Максіма Танка: «Народ пранясе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваiм».

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы