IV Адкрыты конкурс апавядальнікаў беларускай народнай прозы “Кацігарошак” прайшоў у Мінску 25 студзеня 2024 г. на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь”. Конкурс прайшоў ужо ў чацвёрты раз пры падтрымцы Упраўлення адукацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска. Ідэйным натхняльнікам з’яўляецца знаны беларускі этнамузыколаг Мікалай Козенка, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.
У склад журы уваходзілі супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: Таццяна Валодзіна, д.ф.н., прафесар, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў, Таццяна Аліферчык, к.ф.н., дацэнт, загадчык аддзела славістыкі і тэорыі мовы, Ганна Алексяевіч, к.ф.н., старшы навуковы супрацоўнік сектара этналінгвістыкі і фальклору.
Удзельнікі конкурсу выступалі ў чатырох узроставых катэгорыях – малодшага школьнага ўзросту, сярэдняга школьнага ўзросту, старшага школьнага ўзросту і ў катэгорыі “Імправізацыя на казкавую тэму” (старэйшыя за 17 год).
Конкурс “Кацігарошак” з’яўляецца выдатным прыкладам папулярызацыі беларускай культуры. Маленькія і не вельмі беларусы і беларусачкі прадэманстравалі цудоўнае ўменне расказваць казкі, лічылкі, хуткамоўкі. А іх валоданне спеўнай беларускай мовай пакінула незабыўнае ўражанне на членаў журы. Як адзначыла Т. Валодзіна, адна з задач гэтай сустрэчы – пераемнасць народнай традыцыі расказвання казак. І ў гэтым прынцыповае адрозненне конкурсу апавядальнікаў беларускай народнай прозы ад конкурсу выразнага чытання.
Жадаем поспехаў удзельнікам і пераможцам конкурсу і шчыра спадзяёмся, што Адкрыты конкурс апавядальнікаў беларускай народнай прозы “Кацігарошак” будзе развівацца і далучаць дзяцей да ўнікальнага свету беларускай казкі!