Cустрэча з членамі аўтарскага калектыву “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” ў “Акадэмкнізе”

20 лютага ў рамках святкавання Тыдня роднай мовы Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі і кнігарня “Акадэмкніга” арганізавалі сустрэчу з членамі аўтарскага калектыву “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”, намініраванымі на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі 2020 года.

На сустрэчы прысутнічалі супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства  
імя Якуба Коласа, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства філалагічнага факультэта БДУ М.Р.Прыгодзіч, прафесар кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта БДПУ імя Максіма Танка  
Т.Р.Трафімовіч, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы  
І.В.Саверчанка, старшыня ТБМ А.М.Анісім, прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, іншыя зацікаўленыя асобы.

Аб рабоце над “Гістарычным слоўнікам беларускай мовы”, якая выконвалася ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа ў 1960–2017 гг. пад кіраўніцтвам членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі А.І.Жураўскага і  
А.М.Булыкі, паведаміла Г.У.Федарэнка, навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы. Яна звярнула ўвагу, што заканчэнне гэтай  карпатлівай шматгадовай працы стала выключнай падзеяй у гісторыі беларускай і замежнай гуманітарнай навукі, паколькі “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” – першы завершаны ва ўсходнеславянскім мовазнаўстве і адзіны ў свеце гісторыка-лінгвістычны даведнік, які максімальна поўна адлюстроўвае лексічны фонд беларускай мовы XIVXVIII стст., мае навуковую, практычную, сацыяльную вартасць і садзейнічае развіццю навуковых сувязей паміж Рэспублікай Беларусь і замежнымі дзяржавамі. 

Рэдактар усіх 37 выпускаў “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” А.М.Булыка падкрэсліў важнае значэнне гэтага фундаментальнага выдання для даследавання лексікі, марфалогіі і сінтаксісу старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы. Асобна ён спыніўся на ролі даведніка ў вывучэнні слоўнікавага складу беларускай мовы. Прыводзячы цікавыя прыклады, распавёў аб тым, наколькі багаты гістарычны слоўнік як на ўласнабеларускія, так і на запазычаныя намінацыі. 

На пытанне адносна лексікі старабеларускай мовы, якая можа выкарыстоўвацца і ў нашы дні, адказала Н.В.Паляшчук, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы. У прыватнасці, яна згадала гістарычныя нататкі  
І.І.Крамко, апублікаваныя ў часопісе “Беларуская лінгвістыка”, дзе вучоны прыводзіў словы, вартыя таго, каб быць вернутымі ў сучасны ўжытак (напрыклад, лістоўня ‘ёмішча для захавання лістоў’, раскошнік ‘чалавек, які любіць шыкоўнае жыццё’ і інш.). Акрамя таго, Н.В.Паляшчук заўважыла, што матэрыялы “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” і яго картатэка сталі той базай, на якой ужо напісаны сотні навуковых артыкулаў, прысвечаных вывучэнню старабеларускай лексікі, дзясяткі дысертацый, калектыўныя манаграфіі, спецыяльныя лексікаграфічныя даведнікі беларускай і іншых моў, слоўнікі мовы асобных твораў старабеларускай пісьменнасці, гістарычныя і этымалагічныя слоўнікі славянскіх моў і інш.   

Пры разглядзе вартасцей “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” і яго крыніц М.Р.Прыгодзіч узняў пытанне аб значэнні тэкстаў, напісаных на беларускай мове арабскім пісьмом і іх месцы ў вывучэнні праблематыкі пераемнасці старабеларускай і новай беларускай літаратурнай мовы.  
І.У.Будзько закранула тэму прадстаўленасці ў гістарычным слоўніку лексікі беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Аб выкарыстанні матэрыялаў даведніка для стварэння тэлевізійных праграм расказала  
А.М.Анісім. Высокую ацэнку ўкладу аўтараў гістарычнага слоўніка ў развіццё беларускага мовазнаўства даў І.В.Саверчанка. 

Значнасць і важнасць работы адзначалі ўсе выступоўцы.  

Несумненна, “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” і ў далейшым будзе запатрабаваны ў асяроддзі моваведаў, пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў, археолагаў, прававедаў, культуролагаў, этнографаў і ўсіх, хто цікавіцца і займаецца вывучэннем гістарычнага мінулага свайго народа. 

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы