ПА СТАРОНКАХ ГІСТОРЫІ РОДНАЙ МОВЫ

Інтэрактыўная лекцыя, прысвечаная помнікам беларускай пісьменнасці XIV–XVIII стст., адбылася 22 лютага 2024 года ў ДУА “Гімназія № 22 г. Мінска”. Для дзесяцікласнікаў установы яе правяла загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” Наталля Вікенцьеўна Паляшчук.

Вучні даведаліся пра тры асноўныя групы старабеларускіх помнікаў (дзелавога, свецка-мастацкага і рэлігійнага зместу), іх прызначэнне і выкарыстанне нашымі продкамі, іх жанры (евангелле, прывілей, статут, тастамент, жыціе, летапіс, рыцарскі раман), паходжанне (арыгінальныя і перакладныя), форму існавання (рукапісныя і друкаваныя), захоўванне ў архівах і бібліятэках Беларусі і замежжа, магчымасць зацікаўленых асоб азнаёміцца з імі і іх пагартаць.

 

Наталля Вікенцьеўна прадэманстравала гімназістам старонкі з Прывілея гораду Мінску ад 14 сакавіка 1499 года, Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 года, Баркалабаўскага летапісу пачатку XVII ст. і пазнаёміла іх з некаторымі асаблівасцямі графікі старабеларускай мовы. У прыватнасці, яна расказала пра гісторыю літар, адметнасці іх напісання ў залежнасці ад тыпу пісьма (паўустаў і скорапіс), выкарыстанне для абазначэння лікаў, іх назвы, а таксама патлумачыла  паходжанне выразу “чырвоны радок”.

У канцы лекцыі дзесяцікласнікі папрактыкаваліся ў чытанні на старабеларускай мове і з цікавасцю прынялі ўдзел у віктарыне “Па старонках гісторыі роднай мовы”.

Гэта сустрэча стала магчымай дзякуючы дырэктару Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” Ігару Лявонавічу Капылову, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “Гімназія № 22 г. Мінска” Людміле Аляксееўне Косцень, настаўнікам беларускай мовы і літаратуры названай гімназіі Вользе Уладзіміраўне Сяліцкай і Ганне Васільеўне Баліч.

Наталля Паляшчук 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы