ТВОРЧАЯ СУСТРЭЧА АКАДЭМІЧНЫХ НАВУКОЎЦАЎ СА СТУДЭНТАМІ БДУКМ

23 лютага ў інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшла сустрэча акадэмічных мовазнаўцаў і праграмістаў лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення АІПІ са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.  
Чарговая тэматычная сустрэча «Ад першай граматыкі да інфармацыйных тэхналогій» была прымеркавана да Міжнароднага тыдня роднай мовы, таму традыцыйна, з аднаго боку, была прадугледжана прэзентацыя новых выданняў, прысвечаных актуальным праблемам славістыкі, з другога – знаёмства з творчасцю студэнтаў і аб’яднання «БУКет». Падчас сустрэчы вучоныя падзяліліся сваімі навуковымі распрацоўкамі, прадэманстравалі магчымасці сучасных камп’ютарных тэхналогій, пры дапамозе якіх вядзецца апрацоўка літаратурнай спадчыны Якуба Коласа, а таксама падрыхтоўка лінгвістычных карт «Агульнаславянскага лінгвістычнага атласа» – старэйшага міжнароднага праекта, што аб’ядноўвае навуковую дзейнасць славянскага свету з 1958 г.
Мовазнаўцы звярнулі ўвагу прысутных на новую кнігу «Жыццёвы лёс Браніслава Тарашкевіча» (2023), у якой прадстаўлены найбольш тыповыя рысы яго навуковай і грамадскай дзейнасці. Большасць аўтэнтычных матэрыялаў, якія раскрываюць рэдкія, а часам і выключныя бакі яго асабістага жыцця, друкуецца ўпершыню. Было падкрэслена, што мовазнаўцы заўсёды з пашанай адносіліся да памяці калегі, які напісаў першую нарматыўную граматыку для роднай мовы «Беларуская граматыка для школ» (1918), за якую і быў абраны правадзейным членам АН БССР (1928). Аб высокай якасці работы сведчыць той факт, што правапіс, сфармуляваны Б. Тарашкевічам, ляжыць у аснове правапісных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Хвалюючай была таксама прэзентацыя зборніка прац Л. Ц. Выгоннай «Фанетыка роднага слова» (2023) – доктара філалагічных навук, вядомага фанетыста, дыялектолага і лінгвагеографа, славіста шырокага профілю. 
 
На сустрэчы прысутнічалі дочкі Ліліі Ціханаўны – Ганна Альбертаўна і Людміла Альбертаўна, а таксама блізкія сябры і калегі. Яны падзяліліся сваімі светлымі ўспамінамі аб дарагім для ўсіх нас чалавеку, таленавітым вучоным, з кім сумесна працавалі. 
Навуковае жыццё Л. Ц. Выгоннай было цалкам звязана з Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа, куды яна прыйшла працаваць пасля заканчэння Белдзяржуніверсітэта. Тут абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Палеская земляробчая лексіка (тыпалагічная і арэальная дыферэнцыяцыя)» (1969), якая застаецца ўзорным даследаваннем унікальнага моўнага рэгіёна. Працуючы ў лабараторыі эксперыментальнай фанетыкі, абараніла доктарскую «Беларуская суперсегментная фанетыка» (1992). Яе манаграфія «Інтанацыя. Націск. Арфаэпія» – першая ў мовазнаўстве грунтоўная праца, прысвечаная праблемам суперсегментнай фанетыкі. Лілія Ціханаўна валодала ўнікальным дарам – апісвала складаныя моўныя праблемы простай мовай. Фанетыка стала больш даступнай для школьнікаў і студэнтаў, дзякуючы яе работам. Па словах рэдактара В. М. Пручкоўскай: «Новае выданне, сабраўшае пад адной вокладкай многія працы эрудзіраванай даследчыцы, запатрабаванае ў сучаснай выкладчыцкай практыцы».  
 
 
Вольга Дыдо, супрацоўніца лабараторыі распазнавання і сінтэзу маўлення АІПІ, пазнаёміла з праектамі, якія звязаны з апрацоўкай натуральнай мовы і электронных тэкстаў, з платформай Corpus.by, што ўтрымлівае 74 сэрвісы для апрацоўкі электронных тэкстаў і гукавых даных на беларускай мове і інш. 
У сваю чаргу студэнты чыталі вершы, байкі на роднай мове. Прывітальныя словы прагучалі ад студэнтаў літаратурнага аб’яднання «БУКет». Работы ўласнага сачынення прадставілі Паліна Шут, Кацярына Грыгаровіч, Ангеліна Кухальская, Ірына Рабцава. Творы беларускіх пісьменнікаў выканалі студэнты 114 групы. Такія творчыя сустрэчы – гэта ўзаемны абмен ведамі і настроем.
 
В. П. Русак

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы