23 лютага 2024 г. у Беларускім дзяржаўным тэхнічным універсітэце з лекцыяй на тэму “Усё мілагучна для слыху майго” выступіла галоўны навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Мароз Валянціна Канстанцінаўна.
На лекцыі прысутнічалі выкладчыкі ўніверсітэта, беларускія і замежныя студэнты розных факультэтаў. Пачаткам размовы стаў верш Пімена Панчанкі “Пад’язджаючы да Мінска” (1945), цытата з якога і ўзята ў назву лекцыі: Сягоння з апошнiм вайсковым бiлетам // Дадому, дахаты са службы я еду. // I вецер дняпроўскi задзьмухаў старанна // З маёй гiмнасцёркi пылiнкi Iрана… // Якiя знаёмыя назвы i словы, // Якая цудоўная родная мова! // I ўсё мiлагучна для слыху майго: // I звонкае «дзе», i густое «чаго».
Словы з коранем міл(ы) – а гэта вядомыя са старажытнасці мілы і міла, мілаваць і мілаванне, міласэрны і міласэрнасць, Мілавіца (наша назва зоркі Венера) і Мілавіды (назва паселішча) – суадносяцца з паняццем ‘які выклікае прыемнае ўражанне’. У гэтым шэрагу і азначэнне мілагучная адносна нашай мовы, што ці не найчасцей паўтараецца і ў навуковых ацэнках, і ў прыватных выказваннях.
То ў чым жа мілагучнасць беларускай мовы? Найперш у спалучальнасці гукаў, дзе моўныя законы і заканамернасці выяўляюць гарманічную з л а д ж а н а с ц ь: Яна вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлка ў жытах — мякка, а за тры вярсты чуваць. «Эль» — як салодкае віно, «дзе» — як шкляной палачкай па крышталю, мяккае «с», як соннае ціўканне сінічкі ў гнязде. І побач «р», як гарошына ў свістку, і доўга, спявуча, адкрыта гучаць галосныя. А «г» прыдыхае так ласкава, як маці на лобік дзецку, каб перастаў сніць дрэнны сон. Дык што ж лепей за цябе, мова мая, мова наша?! За цябе, даўняя, за цябе, вечна жывая, за цябе, неўміручая?! (Уладзімір Караткевіч. Родная мова).
Адказ на гэтае пытанне даюць і нашы слынныя творцы, дзе характарыстыка л а д у самой мовы пацвярджаецца л а д а м іх думак-выказванняў: Для мовы, для гэтай выразіцелькі душы і думак чалавека, не патрэбна ні скіпетраў, ні каронаў, як не патрэбна для сонца якога-небудзь яшчэ пазалочанага абручча, рамак. Сонца само па сабе адна аздобнасць – і золата, і брыльянт. Таксама і мова якога небудзь народа ёсць для яго і скіпетрам, і каронай, яго нічым не апаганенай аздобнасцяй. (Янка Купала. Ці маем мы права выракацца роднай мовы?); Піце з чыстай крыніцы, з напеваў матчыных, // Сцеражыцеся, хлопцы, частушкі таннай, // Паважайце, любіце бацькоўскую спадчыну -- // Ўсё сплыве, а легенда і песні застанецца (Уладзімір Караткевіч. Энтузіясту); Мова – матэрыя душы: у мове жыве індывідуальнасць таго, хто гаворыць, – яго розум, тэмперамент, характар, культура. I ўсё гэта не проста жыве, а дзейнічае, прымаючы форму моватворчае сілы. Калі моватворчая сіла выходзіць за рамкі сярэдняй нормы, тады мы маем справу з мастаком слова (Уладзімір Калеснік).
Завяршылася размова высновай, што беларуская мова сваёй тысячагадовай гісторыяй развіцця даказала жыццёвасць і запатрабаванасць, што ў поўнай меры раскрываецца ў яе пісьмовай і друкаванай спадчыне.
В.К. Мароз