24 сакавіка 2022 г. перад супрацоўнікамі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа з дакладам на тэму “Варыянтнасць у гетэрагенным гарадскім маўленні (на матэрыяле запісаў у г. п. Хоцімску)” выступіла Наталля Васільеўна Яненка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у рамках навуковай стажыроўкі.
Даклад суправаджаўся відэапрэзентацыяй. Наталля Васільеўна паведаміла пра мэту, задачы, аб’ект і прадмет праведзенага даследавання гетэрагеннага гарадскога маўлення ў г.п. Хоцімску Магілёўскай вобласці; засяродзіла ўвагу на кваліфікацыі матэрыялу, на відах вар’іравання ў маўленні інфармантаў і тыпах моўных пераменных.
Даследчыца расказала пра варыяцыянісцкую сацыялінгвістыку – агульнапрызнаны напрамак вывучэння моўнай варыянтнасці, які набыў шырокую папулярнасць сярод заходніх сацыялінгвістаў, а таксама пра тэорыю У. Лабова, згодна з якой змены ў структуры мовы не могуць быць правільна ўспрыняты без уліку звестак аб моўнай супольнасці, якая карыстаецца гэтай мовай. Былі прадэманстраваны таксама прыклады дыялогаў штодзённа-побытавага і неафіцыйна-службовага маўлення.
Пасля даклада Наталля Васільеўна вычарпальна адказала на разнастайныя пытанні, якія тычыліся дыялекталогіі і сацыялінгвістыкі.
І.У. Ялынцава