Дыялекталагічная экспедыцыя на Пастаўшчыну

З 12 па 16 красавіка ў Пастаўскім раёне працавала дыялекталагічная экспедыцыя супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаваняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. У экспедыцыйным выездзе ўдзельнічалі дырэктар Інстытута мовазнаўства Ігар Лявонавіч Капылоў, загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Мікалаўна Курцова, навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Анастасія Аляксандраўна Марозава і малодшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі мовы Таццяна Віктараўна Іваніцкая.

 
Нягледзячы на тое, што экспедыцыя працягвалася нядоўга, яна аказалася надзвычай цікавай і плённай па сваіх выніках. За час палявых даследаванняў навукоўцы змаглі пабываць ў розных населеных пунктах. Яны наведалі вёскі Апідамы, Дунілавічы, Казлоўшчына, Камаі, Лучай, Лынтупы, Муляры, Рагонішкі, Прусы, Ярэва, у якіх змаглі пагаварыць з мясцовымі жыхарамі і запісаць размовы ад двух, а то і трох чалавек. Аднак не толькі традыцыйным запісам гаворкі тутэйшых насельнікаў, а таксама выяўленнем назваў дробных геаграфічных аб’ектаў — палёў, лугоў, лясных мясцін, рачулак і інш. — займаліся даследчыкі. Яшчэ адным момантам навуковага інтарэсу ўдзельнікаў экспедыцыі былі вясковыя пахаванні, дакладней надпісы, якія змяшчаюцца на надмагільных плітах. Займалася вывучэннем надгробкавых тэкстаў Т. В. Іваніцкая, якая ўжо правяла не адну навуковую экспедыцыю ў паўночна-заходнім рэгіёне Беларусі, займаючыся вывучэннем мясцовых некропаляў, а вось на Пастаўшчыне была ўпершыню. 
 
Магчымасць плённа і вынікова папрацаваць у даследчыкаў аказалася невыпадковай. У навуковым вывучэнні духоўных набыткаў, мясцовых рэгіянальных традыцый надзвычай зацікаўлены органы раённага і мясцовага кіравання. Якраз яны паспрыялі і дапамаглі навукоўцам сустрэцца з жыхарамі і пагутарыць з імі. Вялікую араганізацыйную дапамогу ў даследчай працы аказаў экспедыцыйнай групе намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Уладзіміравіч Чымбург. Найперш Станіслаў Уладзіміравіч паспрыяў, каб навукоўцы былі добра ўладкаваны, мелі зручнае месца жыхарства і адпачынку. Мы жылі ў гасцініцы ДРАЦ “Ветразь”. Тут сустрэлі вельмі прыязнае стаўленне да нас, часовых гасцей, усяго абслугоўваючага персаналу Цэнтра і яго галоўнага ўрача Сяргея Юр’евіча Петухова. Галоўны ўрач, хоць і меў мноства спраў і клопатаў, але правёў нам экскурсію і расказаў, як працуе ўстанова, што робіцца, каб было камфортна тут і хворым дзецям, і бацькам, якія прыязджаюць разам з імі.
 
Такі нечакана прыемны пачатак экспедыцыі, заўсёды дадае надзеі, што і ў наступным будзе гэтак жа добра і плённа. Так і сталася. Але багатай на вынікі экспедыцыя атрымалася дзякуючы найперш руплівасці С. У. Чымбурга. Пры ягоным непасрэдным спрыянні да працы далучыліся старшыні і іншыя работнікі сельскіх саветаў Пастаўскага раёна: старшыня Навасёлкаўскага сельсавета Канстанцін Эдуардавіч Мядзведзеў, старэйшына вёскі Лучай Ганна Міхайлаўна Каралёнак, кіраўнік спраў Камайскага сельсавета Галіна Іванаўна Куліч, старшыня Лынтупскага сельсавета Аляксандр Яўгеньевіч Макаранка, старшыня Ярэўскага сельсавета — Павел Антонавіч Скрыдлеўскі і кіраўнік спраў Людміла Станіславаўна Ціцянкова, старшыня Казлоўшчынскага сельсавета — Ірына Георгіеўна Кукоўская, справавод Дунілавіцкага сельсавета Таццяна Васільеўна Кімстач. Удзельнікі экспедыцыі выказваюць словы шчырай падзякі гэтым людзям. 
 
Той, хто праводзіць палявыя даследаванні, добра ведае, наколькі важная такая дапамога. Без перабольшвання мы адчулі не проста жаданне дапамагчы нам як мага больш сабраць неабходнага матэрыялу. Часам гэта была проста апека з боку органаў мясцовага кіравання: яны падказвалі нам, да каго лепш паехаць і з кім з мясцовых людзей варта сустрэцца і пагаварыць, у якой вёсцы жыве чалавек, найбольш дасведчаны ў мясцовай гісторыі, а хто проста майстра-апавядальнік… Яны прыводзілі да вяскоўцаў і самі неўпрыкмет станавіліся непасрэднымі ўдзельнікамі нашых размоў, дэманструючы веды пра адметныя старонкі гісторыі сваёй малой радзімы, узгадваючы разам мясцовыя падзеі і здарэнні. Так было паўсюдна: і ў Дунілавічах, дзе нас суправаджала Т. В. Кімстач, і ў вёсцы Прусы, дзе разам з навукоўцамі непасрэдна задавала пытанні тутэйшым жыхарам І. Г. Кукоўская, і ў Лынтупах, старшыня сельсавета А. Я. Макаранка паспяхова выканаў ролю дасведчанага і кампетэнтнага экскурсавода. У Лучаі К. Э. Мядзведзеў і Г. М. Каралёнак, паказваючы мясцовыя могілкі, не прамінулі расказаць, чым адрозніваўся побыт старавераў, якія і сёння жывуць у вёсцы, ад звычак і традыцый мясцовых насельнікаў – каталікоў і праваслаўных, што стала агульным у іх жыцці. 
 
Непасрэдныя вынікі праца любой экспедыцыі, дасягненне яе мэтаў увасабляецца ў магчымасці пагаварыць з людзьмі. Навукоўцам пашанцавала. Незабыўнае ўражанне засталося ад размовы з Лідзіяй Кейзік, жыхаркі в. Дунілавічы, якая нарадзілася ў 1924 г. Уразіла нас гаспадыня сядзібы сваімі ведамі. Нягледзячы на сталы век, які набліжаецца да стагоддзя, яна мае добрую памяць і ведае мноства падзей, пра якія нам расказала. 
 
Вёска Дунілавічы. Гутарка з Л. Кейзік
 
Уладзімір Міхайлавіч Мызко, які таксама жыве ў Дунілавічах, не толькі распавёў пра асабіста ім змайстраваныя цымбалы, але, расчулены нашымі просьбамі, выканаў некалькі народных танцаў. У вёсцы Апідамы з намі ласкава пагаварыла Анфіса Васільеўна Плотнікава. 
                    
Вёска Апідамы. А. В. Плотнікава 
 
Вёска Дунілавічы. У. М. Мызко 
 
Вёска Прусы. І.Г. Кукоўская і А.К. Бервячонак
 
Яна, як і яе бацькі, дзяды, з мясцовых старавераў. Тут пражыла ўсё жыццё, але добра захавала гаворку сваіх продкаў. Незабыўныя ўспаміны засталіся і ад сустрэчы з Францішкам Тарасевічам з вёскі Ярэва. Такія апавядальнікі, як Францішак Аляксандравіч, — гэта вялікая ўдача для дыялектолага. Але справа не толькі ў тым, што Ф. А. Тарасевіч можа змястоўна і захапляльна апавядаць пра бачанае і чутае, перажытае ў сваім жыцці. Пра такіх людзей звычайна кажуць: у яго залатыя рукі. Дададзім ад сябе: гэта не толькі майстравы чалавек, гэта чалавек з вышэйшымі гуманістычнымі якасцямі. Уласнымі рукамі ён адрамантаваў, паднавіў вясковыя могілкі. Зрабіў гэта для ўсіх, хто мае тут свой апошні прытулак: для немцаў, чыя пахаванні засталіся ў гэтым краі з часоў Першай сусветнай вайны, для прадстаўнікоў каталіцкага і праваслаўнага веравызнання, чые магілы не маюць дагляду, для літоўцаў, магілы якіх знаходзяцца тут, але ўжо занядбаны, бо іх няма каму ўпарадкаваць або не заўсёды гэта можна зрабіць, бо сваякі жывуць у суседняй Літве. 
 
Вёска Ярэва. Ф.А Тарасевiч яго жонка С. К. Тарасевіч 
 
Надзвычай цікавай і змястоўнай была для нас гаворка з В. Ю. Каравацкай з в. Камаі, з Я. Р. Якубовіч з в. Рагонішкі, з С. І. Чарскай, Э. І. Чарняўскай, С. К.  з в. Муляры і многімі іншымі жыхарамі вёсак Пастаўскага раёна. 
 
               
Вёска Муляры. С. І. Чарская
 
Вёска Муляры. С.К. Пузан
 
Вёска Рагонішкі. Гутарка з Я. Р. Якубовіч
 
Усім нашым суразмоўцам мы выказваем словы шчырай падзякі і зычым здароўя, каб зноў сустрэцца і запісаць іх успаміны, у якіх гучыць роднае слова — жывая беларуская гаворка, багатая і непадробная. 
 
В. М. Курцова,
загадчык аддзела дыялекталогіі
і лінгвагеаграфіі Інстытута
 мовазнаўства імя Якуба Коласа

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы