СУСТРЭЧА СТУДЭНТАЎ З ГІСТОРЫКАМІ МОВЫ І ДЫЯЛЕКТОЛАГАМІ

21 чэрвеня 2022 г. студэнты першага курса факультэта пачатковай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Ірына Аляксандраўна Буторына наведалі філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Наталля Вікенцьеўна Паляшчук пазнаёміла першакурснікаў з гісторыяй інстытута і асноўнымі напрамкамі і вынікамі навуковых даследаванняў.

Пасля для студэнтаў быў праведзены майстар-клас “Па старонках старабеларускіх рукапісаў”.

Спачатку Наталля Вікенцьеўна назвала беларускія пісьмовыя помнікі, напісаныя кірыліцай, лацінкай, арабскім пісьмом, падрабязна расказала пра асаблівасці і функцыі літар кірыліцы ў XIV–XVIII стст., а таксама пра змены, якія адбываліся ў кірылічным алфавіце. На прыкладзе выданняў “Буквара” Спірыдона Собаля, “Жыція прападобнай Еўфрасінні Полацкай” яна распавяла пра дзейнасць супрацоўнікаў аддзела гісторыі беларускай мовы па ўзнаўленні старажытных тэкстаў, падрыхтоўцы іх факсіміле.

Затым слова ўзяла Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела. З яе паведамлення прысутныя даведаліся пра асаблівасці стварэння, аздаблення і захоўвання кніг у старажытнасці, працу перапісчыкаў, перакладчыкаў, пераплётчыкаў, мастакоў і інш., пра розныя віды пісьма (устаў, паўустаў і скорапіс), пра жанравую разнастайнасць старабеларускіх тэкстаў (пачулі пра багатую рэлігійную літаратуру, рыцарскія раманы і аповесці, хронікі і летапісы, статуты і граматы, тастаменты, судовыя справы і інш.).

З цікавасцю першакурснікі паставіліся да прапановы навукоўцаў пачытаць тэксты на старабеларускай мове. Трэба сказаць, што з задачай яны справіліся: урыўкі з рукапісных “Аповесці пра Трышчана” (1580) і “Арыстоцелевых варот” (сярэдзіна XVI ст.) яны не толькі прачыталі, але і пераклалі.

Пасля перад студэнтамі выступіла загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Вераніка Мікалаеўна Курцова. Увагу слухачоў яна засяродзіла на зараджэнні і развіцці лінгвагеаграфіі ў Беларусі, адзначыла асаблівую ролю ў гэтым працэсе Пятра Апанасавіча Бузука. Інтарэс у студэнтаў выклікалі прадстаўленыя ім “Дыялекталагічны атлас беларускай мовы”, “Лексічны атлас беларускіх народных гаворак”, “Агульнаславянскі лінгвістычны атлас”. Вераніка Мікалаеўна пазнаёміла з гісторыяй стварэння гэтых буйнейшых навуковых праектаў, абгрунтавала інфармацыйны патэнцыял картаў атласаў, а таксама прадэманстравала, як ствараюцца карты сёння.

Сустрэча завяршылася цытаваннем выказвання старажытнага кніжніка: “Калі хочаш разумець сілу кніжную, то і двойчы прачытай словы”.

 

Эльвіра Ярмоленка, Наталля Паляшчук

 

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы