Працы, падрыхтаваныя да друку ў аддзеле гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа”)

  1. Галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела гісторыі беларускай мовы членам-карэспандэнтам НАН Беларусі Аляксандрам Мікалаевічам Булыкам  падрыхтаваны да друку новы тып слоўніка ў беларускай гістарычнай лексікаграфіі “Гісторыка-этымалагічны слоўнік іншамоўных слоў у старабеларускай мове” (рукапіс знаходзіцца ў выдавецтве “Беларуская навука”).

У названай лексікаграфічнай працы (яе аб’ём амаль 70,0 аўтарскіх аркушаў) прадстаўлены запазычанні старабеларускай мовы, паказаны час іх першай пісьмовай фіксацыі, значэнне, ужыванне ў помніках пісьменнасці, арфаграфічныя варыянты, этымалогія, дэрывацыйны патэнцыял, для параўнання пададзены іх  адпаведнікі ў суседніх славянскіх мовах.

Напрыклад: АДМИНИСТРАТОРЪ 1567 кіраўнік, загадчык: Янъ Ходкевичъ кграбе на Шъклове и Мышы… администраторъ и гетъманъ земли Ифлянтское (1567, АВК XXIV 292). – З стп. administrator (1560, SP I 86; PSDP 681, SJP I 26) < лац. administrator (MoszMŁ 158, RybRŁ 17, SW I 8, SWOR 28, SWO 6). Параўн. струс. администраторъ (1578, СРЯ-ХІ І 22) < стп., ад лац. (ЭСРЯ І–1 47, LeemRJP 32); стукр. администраторъ (1576, з стп., ад лац., СУМ-XVI І 75; ТимчІС I 8). – Дрв.: администраторский.

Слоўнік адрасуецца даследчыкам гісторыі беларускай мовы, гістарычнай лексікалогіі, тэорыі і практыкі лексікаграфіі, міжмоўных кантактаў, этымалогіі, а таксама ўсім, хто вывучае мінулае Беларусі або цікавіцца ім.

 

  1. Cупрацоўнікамі аддзела гісторыі беларускай мовы падрыхтавана да перавыдання фундаментальная манаграфія члена-карэспандэнта НАН Беларусі Аркадзя Іосіфавіча Жураўскага “Гісторыя беларускай літаратурнай мовы” (да 100-годдзя з дня нараджэння вучонага).   

У кнізе асвятляецца станаўленне і развіццё беларускай літаратурна-пісьмовай мовы эпохі беларускай народнасці, яе роля і функцыі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці нашых продкаў. Асобна асвятляецца  моватворчая дзейнасць Францыска Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага. Змешчаныя назіранні і вывады грунтуюцца на непасрэдным вывучэнні аўтарам арыгіналаў рукапісных і друкаваных помнікаў старабеларускай пісьменнасці.

 Кніга разлічана на філолагаў, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў, даследчыкаў і аматараў мінулага беларускага народа.

 

 

Просім усіх, хто жадае набыць названыя кнігі пасля іх апублікавання, пісаць на адрас ahbm1952@mail.ru да 10 чэрвеня б.г.

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы