ПРЭЗЕНТАЦЫЯ “НАЦЫЯНАЛЬНАГА АТЛАСА БЕЛАРУСІ”

26 верасня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася прэзентацыя ўнікальнага выдання — “Нацыянальнага атласа Беларусі”. На гэтай прэзентацыі прысутнічалі таксама супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка і Вераніка Мікалаеўна Курцова.

“Нацыянальны атлас Беларусі” — гэта фундаментальнае навукова-даведачнае выданне, у якім рэпрэзентуюцца разнастайныя навуковыя і інфармацыйныя матэрыялы пра Беларусь: пра геаграфічны ландшафт, яго будову і адметнасці, пра багацце прадстаўнікоў навакольнага свету, пра вынікі сацыяльна-вытворчай дзейнасці беларусаў у розных сферах іх жыцця і побыту, пра гісторыю складвання беларускай дзяржаўнасці і разнастайныя падзеі, якія адбыліся на гэтым шляху.

“Нацыянальны атлас Беларусі” — гэта выданне, якое выходзіць у Беларусі другі раз. Першая публікацыя працы адбылася 22 гады таму. Выданне 2024 г. не з’яўляецца яго простым перавыданнем. У атлас уключана некалькі дзясяткаў новых карт, змяшчаюцца яны фактычна ва ўсіх раздзелах кнігі. Абноўлены варыянт атласа вылучаецца яшчэ адной адметнасцю. Упершыню тут змяшчаецца лінгвістычны раздзел, а не асобныя карты аб моўных асаблівасцях.

Гэты раздзел складаецца з дзвюх частак: навуковага артыкула “Беларуская айканімія” пра назвы населеных пунктаў Беларусі і трох карт, на якіх адлюстраваны адметныя найменні вёсак, якія ўзніклі на беларускай тэрыторыі як вынік асваення новых зямель і  пашырэння прасторы пражывання тутэйшага насельніцтва.

Другі блок лінгвістычных матэрыялаў — гэта навуковы артыкул “Беларускія народныя гаворкі як аснова сучаснай літаратурнай мовы і іх групоўка” і адпаведныя карты, прысвечаныя дэманстрацыі вынікаў  этнагенетычнай і занальнай групоўкі гаворак. На дзвюх картах “Назвы ягад. Буякі. Дурніцы”, “Назвы топкага балота” паказваюцца лексічныя асаблівасці беларускай нацыянальнай мовы.

Асаблівае месца ў раздзеле пра мову беларусаў як асобнага этнасу займае карта “Этнаграфічная карта беларускага племені. Беларускія гаворкі”, складзеная акадэмікам Я.Ф. Карскім у 1903 г.

 

Агульная колькасць карт пра асаблівасці беларускай мовы ў “Нацыянальным атласе Беларусі” невялікая ў параўнанні з матэрыяламі іншых раздзелаў выдання. Але самая галоўнае тут у тым, што гэтыя карты ёсць.  І кожны, хто будзе трымаць у руках дыхтоўны выдавецкі фаліянт “Нацыянальны атлас Беларусі”, даведаецца і пра вызначальны атрыбут беларускага народа — яго мову.

В.М. Курцова, Э.В. Ярмоленка

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы