Круглы стол “Михаил Гапеевич Булахов: педагог, ученый, личность (к 105-летию со дня рождения)”

24 кастрычніка 2024 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа адбыўся круглы стол “Михаил Гапеевич Булахов: педагог, ученый, личность (к 105-летию со дня рождения)”, прысвечаны 105-годдзю з дня нараджэння Міхаіла Гапеевіча БУЛАХАВА – вядомага беларускага вучонага, доктара філалагічных навук, прафесара, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, пад кіраўніцтвам якога і пры яго непасрэдным удзеле была створана “Граматыка беларускай мовы” ў 2-х частках (1962; 1966). Ён – аўтар такіх фундаментальных навуковых работ, як “«Слово о полку Игореве» в литературе, искусстве, науке: Краткий энциклопедический словарь”, “Евфимий Федорович Карский: Жизнь, научная и общественная деятельность”, “Прыметнік у беларускай мове”, “Восточнославянские языковеды. Биобиблиографический словарь в 3-х т.”, “Опыт исторического словаря русской лингвистической терминологии в 5-и тт.”, “Слово о плъку Игоревѣ” в переводах на славянские языки ХІХ–ХХ вв.” і інш.

З вітальным словам да гасцей і калег выступіў дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Ігар Лявонавіч Капылоў, які расказаў пра перыяд працы Міхаіла Гапеевіча ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР, у якім ён працаваў з 1951 па 1965 гг.

Ірына Уладзіміраўна Ялынцава, загадчык аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, кандыдат філалагічных навук, дацэнт спынілася на асноўных жыццёвых этапах славутага вучонага.

На пасяджэнні круглага стала выступіла дачка Міхаіла Гапеевіча Булахава – Вольга Міхайлаўна Нікалаева, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларуска-рускіх моўных сувязей, кандыдат філалагічных навук. Яна падзялілася фотаздымкамі з сямейнага архіва, расказала пра бацьку, яго навуковую дзейнасць, цесныя цёплыя ўзаемаадносіны ў сям’і.

Дзмітрый Васільевіч Дзятко, загадчык кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта МДПУ імя Максіма Танка, доктар філалагічных навук, прафесар, пазнаёміў прысутных з архіўнымі данымі, звязанымі з выкладчыцкай і навуковай  дзейнасцю М.Г. Булахава ў МДПІ імя Максіма Горкага (пазней – МДПУ імя Максіма Танка).

Пра перыяд працы Міхаіла Гапеевіча на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта нагадаў Іван Сямёнавіч Роўда, загадчык кафедры рускай мовы БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык менавіта той кафедры, якую з сярэдзіны 60-х гадоў узначальваў М.Г. Булахаў.

Сваімі ўспамінамі падзяліўся Мікалай Рыгоравіч Прыгодзіч, прафесар кафедры беларускага мовазнаўства БДУ, доктар філалагічных навук, які прапанаваў выдаць выбраныя працы М.Г. Булахава ў серыі прац выбітных вучоных універсітэта.

На пасяджэнні круглага стала выступіла Наталля Вікенцьеўна Паляшчук, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Яна расказала прысутным пра гісторыка-лінгвістычныя працы Міхаіла Гапеевіча. Як адзначыла выступоўца, “пры разнастайнасці прадмета і аб’екта даследавання іх аб’ядноўвае грунтоўнасць, глыбіня аналізу, абгрунтаванасць высноў, вартасць для навукі і практыкі, улюбёнасць у матэрыял, вельмі беражлівыя адносіны да яго, а таксама жаданне перадаць гэту павагу чытачу”.

Тамара Рыгораўна Трафімовіч, прафесар кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта МДПУ імя Максіма Танка, доктар філалагічных навук, узгадала пра выданне М.Г. Булахава “«Слово о плъку Игоревѣ» в переводах на славянские языки ХІХ–ХХ вв.” і адзначыла выключную важнасць гэтай працы як для айчыннага, так і для агульнаславянскага мовазнаўства.

Пра Міхаіла Гапеевіча як навуковага кіраўніка расказалі яго былыя аспіранты Наталля Уладзіміраўна Ждановіч, дэкан факультэта пачатковай адукацыі МДПУ імя Максіма Танка, і Людміла Аляксандраўна Бяссонава, дацэнт кафедры мовазнаўства і лінгвадыдактыкі філалагічнага факультэта МДПУ імя Максіма Танка, кандыдат філалагічных навук.

Па словах доктара філалагічных навук, прафесара Яновіч А.І., адзначаных у прадмове да выдання “«Слово о плъку Игоревѣ» в переводах на славянские языки ХІХ–ХХ вв.”, навуковыя працы М.Г. Булахава “нясуць яркі адбітак яго любові да слова і да навукі аб слове, утрымліваюць сведчанне яго глыбокай навуковай і даследчыцкай эрудыцыі, яго сапраўднага і добразычлівага інтарэсу да навуковых рупліўцаў розных эпох на ніве філалогіі, яго схільнасці і здольнасці да мэтанакіраванай падзвіжніцкай працы ў імя навукі – усяго таго, што звязана з імем Міхаіла Гапеевіча Булахава ў памяці тых, хто быў яго сучаснікам, вучыўся ў яго ці па яго кнігах, працаваў побач з ім…”

І.У. Ялынцава, В.М. Нікалаева

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы