Супрацоўнікі адзела славістыкі і тэорыі мовы прынялі ўдзел у рабоце міжнароднай навуковай канферэнцыі «Svět v obrazech a ve frazeologii II» (Прага)

В.У. Фурс, арганізатар канферэнцыі - доктар філасофіі Ладзіслаў Янавец, В. В. Герасімовіч, Р.Ф. Сахарава

Пры падтрымцы праекта MOST (Mobility Scheme for Targeted People-to-People-Contacts) па пашырэнні прафесійных кантактаў старшыя навуковыя супрацоўнікі аддзела славістыкі і тэорыі мовы, Вольга Віктараўна Герасімовіч і Вольга Уладзіміраўна Фурс, 22–24 лістапада 2018 г. выступілі ў складзе дакладчыкаў на міжнароднай навуковай канферэнцыі «Svět v obrazech a ve frazeologii II», арганізаванай кафедрай чэшскай мовы педагагічнага факультэта Карлава ўніверсітэта.

На канферэнцыі былі прадстаўлены навуковыя даклады спецыялістаў Чэхіі, Славакіі, Славеніі, Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Польшчы (усяго каля 70 удзельнікаў). На працягу трох дзён у рамках пленарных і секцыйных пасяджэнняў абмяркоўваліся наступныя пытанні: адлюстраванне сучаснай моўнай карціны свету ў фразеалогіі, шматзначнасць і нацыянальна-культурная спецыфіка славянскіх моў, некаторыя аспекты славянскага міжмоўнага ўзаемадзеяння, праблематыка біблійных перакладаў, набыткі корпуснай лінгвістыкі.

Адкрыў пленарнае пасяджэнне доктар філасофіі, прафесар філасофскага факультэта Карлава ўніверсітэта Францішак Чэрмак з дакладам “Фразеалогія і ідыяматыка. Іх прырода і зменлівасць іх успрымання”. Таксама на пасяджэнні прагучалі выступленні дактароў філасофіі, дацэнтаў кафедры славенскай мовы і літаратуры Каталіцкага ўніверсітэта у Ружамберку Даны Балакавай і Веры Кавачавай “З вынікаў сацыялінгвістычнага вывучэння біблійнай фразеалогіі”, доктара філалагічных навук, прафесара кафедры славянскай філалогіі Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта Валерыя Міхайлавіча Макіенкі “Фрагмент чэшска-рускай парэміялагічнай карціны свету (поле “П’янства”), доктара філалагічных навук, дацэнта кафедры рускай мовы Праваслаўнага Свята-Ціханаўскага гуманітарнага ўніверсітэта Вольгі Валянцінаўны Ламакінай “Каштоўнасныя арыенціры пісьменніка праз прызму фразеалагічнага фонду (на матэрыяле мовы Л.М. Талстога)”, доктара філасофіі, дацэнта філасофскага факультэта Карлава ўніверсітэта “Гісторыі пра душу ў чэшскай фразеалогіі” і іншыя.

В.В. Герасімовіч прадставіла даклад “Аб састарэлых значэннях фразеалагізмаў з корнем -вер-” на пасяджэнни секцыі “Фразеалогія і гісторыя”. В.У. Фурс выступіла на секцыі “Мовы і фразеалогія ў перакладах” з дакладам “Асноўныя тэндэнцыі пры перакладзе біблійных фразеалагізмаў на беларускую мову”. Паведамленні і прэзентацыі вынікаў даследавання выклікалі цікавасць у калег, сведчаннем чаго сталі дыскусіі па ўзнятых у дакладзе праблемных пытаннях з навукоўцамі Акадэміі навук Чэшскай Рэспублікі, Карлава ўніверсітэта, Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта і інш. Даклады будуць апублікаваны ў рэцэнзаваным зборніку навуковых прац.

Усталяванне навуковых кантактаў з калегамі-славістамі падчас канферэнцыі, безумоўна, дапаможа далейшаму ўмацаванню беларуска-чэшскіх сувязей ў галіне філалогіі.

 

Вольга Герасімовіч,

Вольга Фурс,

аддзел славістыкі і тэорыі мовы

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы