
Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснай беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Вікторыя Іванаўна Уласевіч і вядучы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай мовы кандыдат філалагічных навук Эльвіра Валер’еўна Ярмоленка ўваходзілі ў склад журы заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”, які адбыўся ў г. Магілёве 23–27 сакавіка 2026 г.
Сто трынаццаць найлепшых знаўцаў беларускай мовы і літаратуры сярод вучняў 9–11 класаў Рэспублікі Беларусь сабраліся ў Магілёве, каб паўдзельнічаць у інтэлектуальным спаборніцтве і прадэманстраваць сваё веданне роднай мовы.
Аўтарытэтнае журы ў складзе выкладчыкаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь і супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ацэньвала пісьмовыя водгукі на мастацкі твор і комплексную работу па беларускай мове і беларускай літаратуры і выбірала найлепшых з лепшых. Прыемна адзначыць высокі ўзровень падрыхтоўкі вучняў, якія ўразілі журы веданнем твораў беларускіх і замежных аўтараў, уменнем аналізаваць прачытанае, выяўляць асноўную тэматыку і праблематыку, вызначаць ролю сюжэта, кампазіцыі, выяўленчых сродкаў выразнасці, здольнасцю выказваць уласную пазіцыю, багаццем слоўніка і разнастайнасцю выкарыстаных моўных сродкаў, выразнасцю словаўжывання і мінімальнай колькасцю арфаграфічных і пунктуацыйных памылак. Комплексная пісьмовая работа па беларускай мове і літаратуры ўключала заданні на веданне фанетыкі, лексікі, граматыкі, сінтаксісу і культуры маўлення, а таксама вызначалася даволі цікавымі творчымі заданнямі, пры выкананні якіх вучні мусілі прадэманстраваць не толькі веды па мове і літаратуры, але і крэатыўнасць мыслення.

Супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства не толькі прымалі ўдзел у абмеркаванні і ацэньванні работ, але і кансультавалі іншых членаў журы па розных лінгвістычных пытаннях, што ўзнікалі падчас праверкі работ, папулярызавалі дзейнасць Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і знаёмілі з кніжнымі навінкамі, падрыхтаванымі вучонымі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.







