Дзень славянскай пісьменнасці і культуры ў Засульскай сярэдняй школе

19 мая 2021 года ў дзяржаўнай установе адукацыі “Засульская сярэдняя школа” Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці адбылося мерапрыемства, прысвечанае Дню славянскай пісьменнасці і культуры. Яно было  арганізавана ў межах супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Засульская сярэдняя школа, вядомая сваёй гісторыяй і дасягненнямі,  невыпадкова была абрана месцам святкавання: на базе школы з 1 верасня 2020 года створаны Раённы рэсурсны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні з мэтай абагульнення  і распаўсюджвання эфектыўнага педагагічнага вопыту па напрамках духоўна-маральнага і сямейнага выхавання вучняў на хрысціянскіх каштоўнасцях і традыцыях беларускага народа. 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел дырэктар Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры Падліпская Зоя Іванаўна, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (філіял “Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа”) Паляшчук Наталля Вікенцьеўна, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме Стаўбцоўскага райвыканкама Язвінская Ірына Мікалаеўна, спецыяліст Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры Пшанічная Ларыса Іванаўна, настаяцель царквы Нараджэння Іаана Прадцечы ў вёсцы Засулле протаіерэй Іаан Ляшкевіч, дырэктар Засульскай сярэдняй школы Кухарчык Валянціна Іванаўна, настаўнікі і вучні.

Кухарчык Валянціна Іванаўна шчыра прывітала прысутных, адзначыла  ролю ведаў у развіцці грамадства, праваслаўных каштоўнасцей у фарміраванні асобы, яе светапогляду.

Падліпская Зоя Іванаўна падкрэсліла важнасць зберажэння  духоўнай спадчыны беларускага народа, выхавання маладога пакалення  ў павазе да традыцый і веры продкаў, уласнай сям’і.  Дзейнасць Цэнтра праваслаўнага краязнаўства і нацыянальнай культуры, заснаванага два гады таму, вядзецца па пяці напрамках: “Праваслаўныя храмы”, “Праваслаўная гісторыя ў асобах”, “Турыстычныя маршруты па святых мясцінах Беларусі”, “З гісторыі ўласнага роду”, “Імёны. Падзеі. Памяць” і накіравана на  пошук, даследаванне, сістэматызацыю, падрыхтоўку матэрыялаў і трансляцыю звестак па праваслаўным краязнаўстве малой радзімы. Зоя Іванаўна пажадала школьнікам працягваць вывучэнне гісторыі праваслаўя ў роднай мясцовасці, удзельнічаць у тэматычных навукова-даследчых конкурсах і выказала спадзяванне на ўмацаванне супрацоўніцтва Цэнтра з Засульскай сярэдняй школай.

Зоя Іванаўна ўручыла Падзякі Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэю Іаану Ляшкевічу і дырэктару школы Кухарчык Валянціне Іванаўне.

Паляшчук Наталля Вікенцьеўна расказала пра гісторыю кірылічнага алфавіта, змены, якія адбываліся ў ім у розныя перыяды яго шматвяковага існавання,  адметнасці выкарыстання літар і іх спалучэнняў (паведамленне суправаджалася камп’ютарнай прэзентацыяй). Яна прадставіла прысутным факсіміле трох выдатных помнікаў беларускай праваслаўнай спадчыны – Слуцкага  Евангелля (XVI ст.), “Жыція Еўфрасінні Полацкай” (XVI ст.),  “Буквара” Спірыдона Собаля (XVIІ ст.), а таксама ўзноўленыя тэксты названых рарытэтаў (выданні былі падрыхтаваны пры ўдзеле супрацоўнікаў аддзела гісторыі беларускай мовы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і ўбачылі свет у выдавецтве Беларускага Экзархата), прывяла цікавыя звесткі з гісторыі стварэння і бытаванння кожнай кнігі. Таксама яна  адзначыла актуальнасць усебаковага даследавання беларускай пісьмовай спадчыны, што садзейнічае яе захаванню і папулярызацыі ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі, далучэнню грамадскасці да інтэлектуальных здабыткаў нашых продкаў.  

Пшанічная Ларыса Іванаўна высока ацаніла вынікі даследчай і творчай працы вучняў Засульскай сярэдняй школы па краязнаўстве, разам з імі паразважала пра вечныя каштоўнасці – любоў і павагу да Бацькаўшчыны і яе мінулага, да родных і блізкіх людзей, патлумачыла неабходнасць ведання гісторыі сваёй сям’і, расказала пра свой радавод (а продкі Ларысы Іванаўны вядомы з 1720 года!), чым заахвоціла школьнікаў паглыбіць веды пра сваіх папярэднікаў па бацькоўскай і мацярынскай лініях. Таксама яна з цеплынёй падзялілася ўспамінамі аб працы ў Засульскай участковай бальніцы, Засульскай сярэдняй школе, узгадала былых калег.   

Протаіерэй Іаан Ляшкевіч падкрэсліў важнасць духоўна-маральнага выхавання асобы,  выніковасць узаемадзеяння школы і царквы, выказаў словы падзякі гасцям і калектыву  школы за іх працу.

Падліпская Зоя Іванаўна і Пшанічная Ларыса Іванаўна настаўнікам і вучням школы падарылі ўласныя кнігі з дарчымі надпісамі, Паляшчук Наталля Вікенцьеўна – літаратуру рэлігійнага зместу, перададзеную выдавецтвам Беларускага Экзархата і Царквой свяціцеля Кірылы Тураўскага.

Кухарчык Валянціна Іванаўна падзякавала гасцям за змястоўныя выступленні, кнігі і падтрымала  ідэю пра супрацоўніцтва і будучыя сустрэчы, сваю заключную прамову завяршыла цудоўнымі паэтычнымі радкамі.

Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах “Ноткі” і “Жывое слова” пад кіраўніцтвам педагогаў дадатковай адукацыі Мурзіч Люсьены Валер’еўны і Гарановіч Таццяны Мікалаеўны зладзілі святочны канцэрт, чым замацавалі цёплыя і сардэчныя ўражанні ад праведзенай сустрэчы.

                                                                                     Наталля Паляшчук

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы