Вучоныя Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі (дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Капылоў І.Л. і загадчык аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Скварцова І.М.) з 25 па 27 верасня 2024 года прымалі ўдзел у Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Роля і значэнне судова-экспертнай дзейнасці ў прававой сістэме. Актуальныя задачы, тэндэнцыі і перспектывы развіцця” (Рэспубліка Арменія). Канферэнцыя праходзіла на базе дзяржаўнай навуковай установы “Нацыянальнае бюро экспертыз” Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Арменія. У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі краін СНД (Беларусь, Казахстан, Малдова, Расія, Узбекістан,) і далёкага замежжа (Германія, ЗША, Швейцарыя, Японія і інш.).
Падчас канферэнцыі было абмеркавана шырокае праблемнае поле: сучасныя патрабаванні і задачы прававога і навукова-метадычнага забеспячэння судова-экспертнай дзейнасці, роля ў абароне правоў і інтарэсаў дзяржавы і асоб, актуальныя задачы і тэндэнцыі развіцця крыміналістычных, судова-хімічных, інжынерна-тэхнічных, судова-медыцынскай, генетычнай, біялагічнай, псіхалагічнай і псіхіятрычнай экспертыз і інш.
І.Л. Капылоў выступіў з дакладам “З вопыту правядзення лінгвістычных экспертыз у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа (Нацыянальная акадэмія навук Беларусі). Сучасныя патрабаванні прававога забеспячэння судова-экспертнай дзейнасці”, у якім расказаў пра віды экспертыз, што праводзяцца ў Інстытуце, прынцыпы іх правядзення, методыкі. Асобная ўвага была ўдзелена практычнаму дапаможніку па лінгвістычнай экспертызе, які быў падрыхтаваны ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, і ўтрымлівае практыкаарыентаваныя рэкамендацыі. Кіраўніцтва Нацыянальнага бюро экспертыз Арменіі зацікавіў беларускі вопыт, паколькі ёсць вялікая запатрабаванасць у стварэнні аддзела лінгвістычных экспертыз. Беларускія спецыялісты ў рамках асобнага праекта гатовы падзяліцца вопытам і аказаць дапамогу ў распрацоўцы канцэпцыі па стварэнні такога аддзела.
І.М. Скварцова выступіла з дакладам, у якім падзялілася беларускім вопытам правядзення мастацтвазнаўчых экспертыз: эксперыментальнае даследаванне літургічнага адзення, вырабленага са слуцкіх паясоў.
Падчас урачыстага адкрыцця канферэнцыі быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Нацыянальнага бюро экспертыз Рэспублікі Арменія.
І.Л. Капылоў таксама сустрэўся з Прэзідэнтам Нацыянальнай акадэміі Рэспублікі Арменія Ашотам Серабавічам Сагянам.
Падчас знаходжання ў Арменіі прадстаўнікі Беларусі Капылоў І.Л. і Скварцова І.М. сустрэліся з кіраўніцтвам Інстытута мастацтва НАНА і падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве.
І.Л. Капылоў сустрэўся з дырэктарам Інстытута армянскай мовы НАНА доктарам філалагічных навук Катвалянам Віктарам Лапарытавічам і загадчкамі структурных падраздзяленняў. І.Л. Капылоў расказаў аб асноўных навуковых напрамках і выніках працы Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.
Падчас сустрэчы быў распрацаваны план супрацоўніцтва: правядзенне сумесных навукова-практычных мерапрыемстваў, стварэнне “Армянска-беларускага слоўніка”.
У заключны дзень канферэнцыі адбыліся круглыя сталы, падчас якіх былі абмеркаваны сучасныя задачы і тэндэнцыі развіцця судовых экспертыз.
І.Л. Капылоў і І.М. Скварцова былі ўшанаваны знакам адрознення Нацыянальнага бюро экспертыз Рэспублікі Арменія.