Праект, які прайшоў праверку часам

Агульнаславянскі лінгвістычны атлас (АЛА) – маштабны міжнародны праект, які вось ужо амаль шэсць дзясяткаў гадоў аб’ядноўвае навукоўцаў-філолагаў з трынаццаці краін славянскага свету. Традыцыйна штогод удзельнікі праекта збіраюцца на рабочыя пасяджэнні, каб падвесці вынікі працы, абмеркаваць спрэчныя пытанні, узгадніць асобныя моўныя з’явы ці выпрацаваць цэлую канцэпцыю падачы матэрыялу. А яшчэ – падзяліцца ўласнымі навуковымі і творчымі набыткамі, пераняць вопыт калег, пашырыць свой кругагляд. Вось і сёлета члены беларускай нацыянальнай камісіі (М.П. Антропаў, Л.П. Кунцэвіч, В.А. Мандзік, Ю.М. Чагайда) на чале з яе старшынёй – доктарам філалагічных навук, загадчыкам аддзела сучаснай беларускай мовы Валянцінай Паўлайнай Русак – прынялі ўдзел у пасяджэнні міжнароднай рабочай групы АЛА, якое адбылося з 8 па 15 кастрычніка ў мястэчку Часта-Папярнічка, што ў Славакіі.

Падчас урачыстага адкрыцця мерапрыемства з прывітальнымі словамі да гасцей звярнуліся старшыня славацкай нацыянальнай камісіі Павел Жыга, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Л. Штура Славацкай акадэміі навук Габрыела Мучкова, старшыня Славацкага таварыства мовазнаўства пры названым інстытуце Адрыяна Феранчыкава. Са справаздачамі аб праведзенай за год працы выступілі старшыні нацыянальных камісій.

На працягу тыдня ўдзельнікі навуковага мерапрыемства працавалі ў лексіка-словаўтваральнай, фанетыка-граматычнай і камп’ютарнай секцыях, а таксама ў падкамісіі па марфаналагічнай транскрыпцыі АЛА. Члены беларускай нацыянальнай камісіі актыўна абмяркоўвалі з калегамі пытанні, звязаныя з выданнем тамоў АЛА “Рэфлексы *а” і “Метэаралогія і вымярэнне часу. Рэльеф мясцовасці”. Менавіта на нашу камісію ўскладзена пачэсная адказанасць за падрыхтоўку гэтых тамоў да друку.

Праца над багацейшым фактычным дыялекталагічным матэрыялам, сабраным падчас экспедыцый яшчэ ў мінулым стагоддзі, мае не толькі абагульняючы і сістэматызуючы, але і аналітычны характар. Часта развіццё той ці іншай моўнай з’явы на пэўнай тэрыторыі патрабуе дадатковых тлумачэнняў, удакладненняў, каментарыяў. Таму праца ў секцыях суправаджалася актыўнымі абмеркаваннямі, канструктыўнымі дыскусіямі і абгрунтаванымі рашэннямі. Цікавае, плённае, неардынарнае – такімі азначэннямі можна ахарактарызаваць пасяджэнне АЛА ў Славакіі. А цудоўная мясцовая прырода і незабыўныя краявіды дапоўнілі атмасферу творчасці і супрацоўніцтва, якая панавала тут на працягу тыдня.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы