Лекцыя прафесара Ганны Іванаўны Кулеш

23 снежня 2019 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Ганна Іванаўна Кулеш, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прачытала лекцыю на тэму “Фарміраванне лінгвістычных сродкаў беларускамоўных заканадаўчых тэкстаў у ХХ стагоддзі”. Гэта грунтоўнае выступленне адбылося ў рамках стажыроўкі, якую Ганна Іванаўна праходзіць у інстытуце.

Лекцыя (суправаджалася відэапрэзентацыяй) складалася з дзвюх частак. У першай даследчыца змястоўна расказала пра гісторыю выдання заканадаўчых тэкстаў на беларускай мове на працягу ХХ стагоддзя, у другой  – засяродзіла ўвагу на адметнасцях функцыянавання ў іх моўных сродкаў, пераканаўча патлумачыла выбар і выкарыстанне адпаведных лексічных, марфалагічных, сінтаксічных адзінак пры фармулёўцы прававых нормаў.  

Пасля лекцыі Ганна Іванаўна адказала на разнастайныя пытанні прысутных, якія тычыліся назвы стылю (афіцыйна-справаводчы стыль), ужывання тэрмінаў, устойлівых выразаў, іх правільнай перадачы з рускай мовы на беларускую.

Тэма выступлення для некаторых супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа была асабліва актуальнай, паколькі яны перакладаюць заканадаўчыя акты з рускай мовы на беларускую.  Падрыхтаваныя тэксты падаюцца на разгляд экспертнага савета па пытаннях перакладу заканадаўчых актаў на беларускую мову (гл. http://ncpi.gov.by/news/sostoyalos-zasedanie-ekspertnogo-soveta-po-voprosam-perevoda-zakonodatelnykh-aktov-na-belorusskiy-ya/; http://ncpi.gov.by/be/news/adbylosya-chargovae-pasyadzhenne-ekspertnaga-saveta-pa-pytannyakh-perakladu-zakanada-chykh-akta-na-b/). Ужо перакладзены Кодэкс аб шлюбе і сям’і, Выбарчы кодэкс (яны адобраны і рэкамендаваны да размяшчэння на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь; гл. http://ncpi.gov.by), цяпер вядзецца работа над перакладам Грамадзянскага кодэкса. Як член названага экспертнага савета Ганна Іванаўна Кулеш перакладчыкам кодэксаў заўсёды дае кваліфікаваныя і вычарпальныя адказы на пытанні, прапаноўвае аптымальныя для перакладу моўныя адзінкі.

Падчас  стажыроўкі  Г. І. Кулеш былі абмеркаваны перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва вучоных Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў галіне ўпарадкавання беларускай навуковай тэрміналогіі.

 

Н. В.  Паляшчук,

загадчык аддзела гісторыі беларускай мовы

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы