Мова – універсальны інструмент спасціжэння свету і ведаў аб ім, на ўсіх узроўнях, ва ўсіх праяўленнях і катэгорыях. Навучальны змест бадай кожнай школьнай дысцыпліны рэалізаваны сродкамі мовы, не кажучы ўжо пра вучэбныя прадметы «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура», «Руская мова» і «Руская літаратура», на якіх сама мова выступае адначасова і аб’ектам вывучэння.
Сферы школьнай адукацыі і лінгвістычнай навукі заўсёды развіваюцца побач, у досыць цесным узаемадзеянні. Калі ўявіць іх у выглядзе лагічных кругоў, то можна ўбачыць і дакладныя кропкі судакранання. Ужо традыцыйнымі сталі сустрэчы акадэмічных мовазнаўцаў і навучэнцаў старшых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў рамках правядзення такіх навучальных і навукова-даследчых мерапрыемстваў, як трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах «Беларуская мова» і «Беларуская літаратура», «Руская мова» і «Руская літаратура» і гарадскія канферэнцыі навучэнцаў у секцыі «Лінгвістыка».
Лепшых знаўцаў беларускай мовы і літаратуры Мінскай вобласці ў студзені 2022 года ўжо не ў першы раз прымаў горад Барысаў.
Удзельнікаў чакалі два няпростыя конкурсы – водгук на мастацкі твор і комплексная работа па мове і літаратуры. Гэтыя віды кантролю дазваляюць праверыць не проста фактычнае веданне законаў і правілаў мовы, але ў першую чаргу іх разуменне і ўменне правільна прымяняць, а таксама даюць вучням магчымасць прадэманстраваць сваю агульную эрудыцыю, лексічны запас, багацце і разнастайнасць маўленчых сродкаў, раскрыць творчыя здольнасці.
Для водгуку ў адзінаццатым класе былі прапанаваны вершы пісьменніка-юбіляра Пімена Панчанкі «Здараецца, часамі я раблю…» (па беларускай мове) і беларускай паэткі В. Паліканінай «Я скучаю по России» (па рускай мове), якая піша творы на рускай мове. Дзесяцікласнікі аналізавалі мініяцюру Янкі Брыля «Загадка». Часам мастацкі твор і сапраўды застаецца для вучняў загадкай, узнікаюць складанасці з тым, каб вызначыць тэму, ідэю, ролю сродкаў выразнасці. Разам з тым сустрэліся ў водгуках арыгінальныя падыходы да трактоўкі твораў, нечаканыя аўтарскія разважанні, свежыя думкі.
Комплексная работа ўключала заданні па розных раздзелах мовазнаўства: фанетыцы, лексікалогіі, марфалогіі, словаўтварэнні і сінтаксісе. Сярод заданняў па літаратуры найбольшую свабоду для самавыяўлення давала апошняе, якое прапаноўвала вучням уявіць сябе ўкладальнікамі кніг і аўтарамі анатацыі. Аналагічнае заданне для розных класаў ускладнялася: дзевяцікласнікі падбіралі кнігі і канцэпцыю зборніка адпаведна эпіграфу, кіруючыся, такім чынам, тэматычным прынцыпам. Адзінаццацікласнікі павінны былі прыдумаць іншыя прынцыпы падзелу тэкстаў на зборнікі (напрыклад, часавы). Акрамя таго, назва аднаго з іх мусіла суадносіцца з карцінай Марка Шагала «Від з акна». Такі ход уключае веды па мове і літаратуры ў агульны кантэкст нацыянальнай культуры, што спрыяе ўсебаковаму і гарманічнаму развіццю маладых людзей.
Сярод журы, якое і вызначыла пераможцаў у кожным класе, былі супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі: навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Анастасія Марозава, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі беларускай літаратуры Алена Карп, старшы навуковы супрацоўнік сектара камп’ютарнай лінгвістыкі Святлана Вагнер.
Лепшыя сярод лепшых працягнуць спаборніцтва на заключным рэспубліканскім этапе алімпіяды. Вучні невыпускных класаў, якія не прайшлі ў фінал, змогуць разам з настаўнікамі адпрацаваць свае слабыя месцы і патрэніравацца на будучыню.
Варта адзначыць, што на працягу алімпіяднага тыдня праходзяць выпрабаванне не толькі вучні, але і навукоўцы. Аналіз заданняў і дапушчаных памылак адыгрывае не менш важную ролю, чым праверка саміх работ. Ён дапамагае ўбачыць, ці запатрабаваныя ў працэсе школьнага навучання падрыхтаваныя ў акадэмічным інстытуце слоўнікі і дапаможнікі, наколькі яны зручныя для работы, даступныя для разумення, наколькі поўныя і актуальныя. Вялікае значэнне маюць і непасрэдныя стасункі з настаўнікамі-практыкамі (таксама з’яўляліся членамі журы), ад якіх можна пачуць з першых вуснаў пра недахопы і праблемы, над якімі трэба працаваць для ўдасканалення лексікаграфічнай прадукцыі. Попыт, як кажуць, нараджае прапанову. Так жывая атмасфера алімпіяды задае напрамкі далейшай дзейнасці і адкрывае новыя перспектывы практычнага ўкаранення вынікаў навуковых даследаванняў.
Вучоныя-мовазнаўцы, у сваю чаргу, складаюць крытычныя заўвагі і выносяць рэкамендацыі адносна метадалогіі састаўлення алімпіядных заданняў, узроўню іх складанасці і адпаведнасці ўзросту, узроўню валодання мовамі. Далучаюцца яны і на этапе падрыхтоўкі вучняў да алімпіяды, і на этапе аналітычнага асэнсавання яе заданняў. Сістэматычная праца на працягу не аднаго года дае свой плён: адзначаецца павышэнне агульнай граматнасці навучэнцаў, пашырэнне іх лексічнага запасу, паглыбленне ведаў у галіне фразеалогіі, якаснае намнажэнне ведаў і ўменняў у галіне сінтаксісу.
Праблемнымі традыцыйна застаюцца пэўная шаблоннасць у выражэнні сваёй думкі, часам прамое кіраванне алгарытмам напісання водгуку як тыпу пісьмовай работы, адсутнасць умення правільнага і дарэчнага цытавання.
Хочацца верыць, што для ўсіх удзельнікаў алімпіяда стала не толькі нагодай для хваляванняў, але найперш крыніцай новых уражанняў, магчымасцю сустрэцца з аднадумцамі, што ў памяці застануцца не толькі складаныя фанетыка і словаўтварэнне, а радасць ад спасціжэння моўных фактаў, творы класікаў беларускай літаратуры і Віцебск Шагала.
А. Марозава, А. Карп, С. Вагнер