Гэтыя словы народнага паэта Беларусі, акадэміка АН БССР Якуба Коласа сталі назвай прэзентацыі новай кнігі «Якуб Колас» з серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» выдавецтва «Мастацкая літаратура». Прэзентацыя, арганізатарамі якой з’яўляюцца Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа і выдавецтва «Мастацкая літаратура», адбылася 26 кастрычніка ў названым музеі. Укладальнік кнігі − вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, доктар філалагічных навук, дацэнт Наталля Якавенка.
Кніга з’яўляецца літаратурнай мазаікай, складзенай з фрагментаў успамінаў самога класіка, яго родных, сяброў, паплечнікаў, з дакументаў, артыкулаў, якія дазваляюць у храналагічным парадку, год за годам, ствараць адмысловы жыццяпіс Песняра і спрыяюць больш глыбокаму разуменню яго асобы. У прыватнасці, выданне грунтуецца на «Летапісе жыцця і творчасці Якуба Коласа», складзеным Міхасём Мушынскім, аповесці-эсэ Максіма Лужаніна «Колас расказвае пра сябе», на ўспамінах сыноў народнага паэта Данііла і Міхася Міцкевічаў. Акрамя таго, прэзентаваная кніга змяшчае ў сабе каля 200 арыгінальных фотаздымкаў і электронных копій дакументаў з фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел: дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Ігар Капылоў; намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп; коласазнаўца, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Анатоль Трафімчык; унучка і даследчыца творчасці Якуба Коласа, навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі Вера Міцкевіч; праўнучка Якуба Коласа, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Васіліна Міцкевіч і інш.