Навукова-практычная канферэнцыя “Рагачоўскія чытанні – 2016”

У складзе дэлегацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кіраўніцтва і супрацоўнікі Інстытута 3–4 верасня прынялі ўдзел у святкаванні ХХІІІ Дня беларускага пісьменства ў Рагачове і правялі ў горадзе навукова-практычную канферэнцыю “Рагачоўскія чытанні – 2016”.

Навуковыя канферэнцыі падчас свята – традыцыйны і вельмі важны складнік гэтай маштабнай падзеі, якая мае рэспубліканскае значэнне. Па-першае, навуковая канферэнцыя – гэта адно з першых мерапрыемстваў, якія даюць пачатак усім іншым дзеям на свяце. Па-другое, тэматыка чытанняў заўсёды звязана з месцам правядзення свята, і гэта дазваляе, з аднаго боку, звярнуць больш пільную ўвагу на многія рэгіянальныя праблемы, звязаныя з гістарычным мінулым і сучасным жыццём. З другога боку, мясцовая грамадскасць атрымлівае магчымасць больш даведацца пра гісторыю свайго краю і яго славутых сыноў, пазнаёміцца з сучаснымі набыткамі беларускай навукі і культуры.

Сёлетнія “Рагачоўскія чытанні – 2016” прайшлі ў Гарадскім доме культуры. Канферэнцыю адкрыў намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік А.В. Сукала, дарэчы, ураджэнец г. Рагачова. У сваім уступным слове ён адзначыў, што “Сёння навука ўсё больш ператвараецца ў непасрэдную прадукцыйную сілу сацыяльна-эканамічнага развіцця грамадства. Галоўным навуковым цэнтрам нашай краіны сёння з’яўляецца Акадэмія навук Беларусі. Тут засяроджаны галоўны інтэлектуальны капітал беларускага народа. Сярод 7 аддзяленняў Акадэміі навук важную і адказную навуковую сацыяльна-ідэалагічную працу ажыцяўляе Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі. Менавіта вучоныя гэтага Аддзялення з першых дзён заснавання свята беларускага пісьменства прымаюць самы непасрэдны ўдзел у яго навуковым суправаджэнні. ...Вучоныя-гуманітарыі штогод рыхтуюць і выдаюць звыш 700 кніжных выданняў, у тым ліку амаль 350 манаграфій, якія з'яўляюцца фундаментальнай асновай дзеля стварэння вучэбных праграм, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў і школ нашай краіны. Упершыню ў беларускім мовазнаўстве акадэмічнымі вучонымі вядзецца праца па стварэнні Нацыянальнага корпуса беларускай мовы, які паслужыць факталагічнай базай для стварэння сучаснага вялікага Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы ў 15 тамах.”

З навуковымі дакладамі, прысвечанымі даследаванню моўных асаблівасцей Рагачоўшчыны, выступілі дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа І.Л. Капылоў (“Прозвішчы жыхароў Рагачоўскага раёна ў кантэксце моўнай карціны свету беларусаў”), член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар А.А. Лукашанец (“Беларуская мова: нацыянальны скарб і сімвал дзяржаўнасці”), загадчык аддзела дыялекталогіі В.М. Курцова (“Народныя моўныя дыяменты Рагачоўшчыны”), а таксама загадчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар Г.М. Мезенка (“Асаблівасці адантрапанімнай урбананіміі Рагачова: узроўні прэцэдэнтнасці імён”), краязнаўца С.П. Кусянкова (“Родныя тапонімы. Лучын”) і інш. З цікавымі старонкамі даўняга жыцця краю выступілі супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдаты гістарычных навук М.М. Крывальцэвіч (“Самыя старажытныя пахавальныя абрады Рагачоўскага Падняпроўя”), А.Б. Доўнар (“Уставы горада і воласці Рагачова 1629 года”), А.У. Мацук (“Соймікі Рэчыцкага павета ў Рагачове 1735-1763 гг.: віды, месца правядзення, удзельнікі, соймавае прадстаўніцтва”) і намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства па навуковай рабоце кандыдат філалагічных навук С.Л. Гаранін (“Перададраджэнскія з'явы ў культуры ВКЛ ХV - пачатку ХVІ стст. і ўзнікненне беларускага кнігадрукавання”). Вусная народная паэзія, мясцовая абраднасць, асаблівасці музычнага мастацтва былі адлюстраваны ў дакладах доктара філалагічных навук, загадчыка аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Т.В. Валодзінай (“Чалавек і яго суседзі ў фальклорнай спадчыне Рагачоўшчыны”), доктара філалагічных навук, прафесара, загадчык кафедры беларускай культуры і фалькларыстыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Т.С. Новак (“Фальклорна-этнаграфічная спадчына Рагачоўшчыны: рэгіянальна-лакальныя асаблівасці земляробчага календара”), а таксама доктара мастацтвазнаўства, вядучага навуковага супрацоўніка Цэнтра, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Т.Г. Мдзівані (“Белорусская академическая музыка 2-й половины XX – начала XXI века и новый художественный контекст”). Вельмі багатай з’яўляецца літаратурная гісторыя Рагачоўшчыны. Тут нарадзіліся, працавалі, задумывалі і пісалі свае творы Уладзімір Караткевіч і Міхась Лынькоў, Андрэй Макаёнак і Алесь Жаўрук, многія іншыя літаратары, сярод якіх, дарэчы, пачэснае месца займае і даследчык айчыннай славеснасці, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, прафесар Ю.С. Пшыркоў. Цікавыя звесткі пра літаратурнае жыццё краю падалі член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар С.С. Лаўшук (“Андрэй Макаёнак: рагачовец з пакалення, якое не стала на калені”), выкладчыкі БДУ прафесар В.П. Рагойша (“Уладзімір Караткевіч: ад Рагачова да Ракава”), дацэнты А.Л. Верабей (“Уладзімір Караткевіч і Рагачоўшчына”) і М.П. Кенька (“Рагачоўская зямля ў рамане Міхася Лынькова “На чырвоных лядах”).

У дарунак Гарадскому дому культуры і бібліятэкам раёна вучоныя перадалі збор навуковых і навукова-папулярных кніг па беларускай мове і культуры.

Удзельнікі “Рагачоўскіх чытанняў – 2016” і прысутныя на канферэнцыі прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі звярнулі ўвагу, што ў горадзе няшмат месцаў, якія адлюстроўваюць дасягненні і ўклад рагачоўцаў у агульную скарбніцу беларускай культуры. Па выніках абмеркавання дакладаў была прынятая рэзалюцыя, якая змяшчае тры звароты да мясцовых улад і грамадскасці.

Па-першае, удзельнікі канферэнцыі палічылі неабходным назваць у горадзе вуліцы імёнамі славутых майстроў беларускага слова – Міхася Лынькова і Андрэя Макаёнка. (Як ні дзіўна, але такіх вуліц у горадзе зараз няма.)

Па-другое, на радзіме А. Макаёнка, у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна, неабходна адкрыць музей славутага драматурга.

Па-трэцяе, паколькі многія старонкі біяграфіі У. Караткевіча звязаны з Рагачовым, і ў горадзе добра захавалася дзядзькава хата (дарэчы, збудаваная аж у 1912 г.), дзе пісьменнік жыў і пісаў, надаць будынку статус нацыянальна-культурнай каштоўнасці і ў далейшым разгледзець магчымасць стварэння ў ёй музея У. Караткевіча (зразумела, з улікам забеспячэння сваякоў пісьменніка – уласнікаў хаты сучасным жытлом).

Навукоўцы прысутнічалі на ўрачыстым адкрыцці Дня беларускага пісьменства 4-га верасня, наведалі музей Андрэя Макаёнка ў Журавіцкай сярэдняй школе, вандравалі па мясцінах, звязаных з творчай біяграфіяй Уладзіміра Караткевіча, завіталі ў палац магнатаў Булгакаў у Жылічах (што знаходзіцца зараз на рэстаўрацыі і яшчэ не адчыніў свае дзверы для турыстаў), далі шэраг інтэрв’ю сродкам масавай інфармацыі. Прыемнай нечаканасцю стала ўзнагароджанне навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, кандыдата філалагічных навук Т.Б. Мацюхінай Нацыянальнай літаратурнай прэміяй у намінацыі “Лепшы твор літаратурнай крытыкі і літаратуразнаўства”.

Вучоныя выказваюць словы глыбокай удзячнасці арганізатарам свята і спадзяюцца на далейшы працяг плённага навуковага супрацоўніцтва.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы