“Беларуска-рускі слоўнік” уяўляе сабой практычны дапаможнік для тых, хто цікавіцца перакладам асобных слоў і тэкстаў з беларускай мовы на рускую. У першую чаргу Слоўнік адрасуецца навучэнцам сярэдніх агульнаадукацыйных школ і спецыяльных навучальных устаноў, што абумовіла яго аб’ём (каля 20 000 слоў), а таксама характар уключаных у яго слоўнікавых артыкулаў. Слоўнік таксама будзе карысным і ўсім, хто вывучае беларускую і рускую мовы і цікавіцца пытаннямі перакладу.
Пры складанні Слоўніка ўлічаны змены ў правілах арфаграфіі беларускай мовы. Рэестравую частку складаюць у асноўным словы, якія не супадаюць з адпаведнымі лексічнымі адзінкамі рускай мовы або маюць фармальныя адрозненні ад іх. У Слоўніку прадстаўлена агульнаўжывальная лексіка сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Акрамя таго, у яго ўключана кніжная і размоўная лексіка, лексіка народных гаворак, устойлівыя выразы, пры перакладзе якіх з беларускай мовы на рускую могуць узнікнуць цяжкасці. Слоўнік змяшчае таксама значную колькасць спецыяльных слоў і тэрмінаў з розных галін ведаў (матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, мовазнаўства, літаратуразнаўства і інш.), якія часта сустракаюцца ў моўнай практыцы вучняў.
Загаловачныя (рэестравыя) словы размяшчаюцца ў алфавітным парадку, падаюцца вялікімі літарамі, выдзяляюцца паўтлустым шрыфтам з абазначэннем націску. Рэестравыя словы даюцца ў пачатковай форме: назоўнікі – у назоўным склоне адзіночнага ліку (за выключэннем слоў, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку), прыметнікі – у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду, лічэбнікі і займеннікі – у назоўным склоне, дзеясловы – у неазначальнай форме.