У Даведніку прыводзяцца асноўныя правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, даюцца да іх каментарыі. Значная ўвага надаецца адрозненню часцін мовы (напрыклад, прыслоўяў і назоўнікаў з прыназоўнікамі тыпу дахаты і да хаты; складаных прыметнікаў і словазлучэнняў накшталт густанаселеныя і густа населеныя; злучнікаў затое, пры тым, па колькі); асвятляюцца пытанні размежавання сінтаксічных з’яў (напрыклад, тлумачыцца, як адрозніць прыдатак ад азначаемага слова, выказнік ад дзейніка, калі абодва галоўныя члены выражаны адной часцінай мовы і інш.).
Даведнік будзе карысным для вучняў сярэдняй і старшай школы, іх бацькоў, абітурыентаў і, безумоўна, для настаўнікаў беларускай мовы, паколькі змяшчае матэрыял за ўвесь курс сярэдняй школы. Матэрыял, пазначаны “зорачкай” (*), адрасаваны настаўнікам беларускай мовы, якія працуюць у класах з паглыбленым, павышаным або профільным вывучэннем беларускай мовы. Складаная нумарацыя ў падачы матэрыялу выклікана неабходнасцю частых спасылак да розных раздзелаў кнігі. Сказы, узятыя ў якасці прыкладаў да правілаў, адбіраліся аўтарамі з мастацкіх, публіцыстычных твораў, навуковых выданняў.
Матэрыялы Даведніка можна выкарыстоўваць у працэсе вывучэння беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, падчас падрыхтоўкі да пісьмовага экзамену па беларускай мове ў форме дыктанта, пераказу, тэста. Шмат карыснага матэрыялу знойдуць у ім і тыя, хто рыхтуецца да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове.