Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 1–32 / пад рэд. А.М. Булыкі, А.І. Жураўскага. – Мінск : Беларус. навука, 1982–2012.

 

“Гістарычны слоўнік беларускай мовы” – першы і адзіны ў айчыннай гуманітарнай навуцы даведнік, які з максімальнай паўнатой адлюстроўвае багацце слоўнікавага фонду беларускай мовы XIV–XVIII стст., з’яўляецца надзейнай крыніцай пазнання мінулага Беларусі, дае змястоўную інфармацыю аб сацыяльна-эканамічным жыцці, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа ў названы перыяд. У выпусках слоўніка, апублікаваных на працягу 1982–2012 гг., дэталёвую лексікаграфічную апрацоўку атрымалі звыш 40000 слоў, зафіксаваных у граматах, дагаворах, статутах, летапісах, хроніках, хранографах, воінскіх і рыцарскіх раманах і аповесцях,  мемуарных, публіцыстычных, навуковых і рэлігійных творах.

Слоўнікавыя артыкулы ўключаюць загаловачнае слова (загаловачнымі з’яўляюцца ўсе словы самастойных і службовых часцін мовы, дзеепрыслоўныя формы ўключаюцца ў склад форм адпаведнага інфінітыва, дзеепрыметнікі падаюцца асобным артыкулам; пры наяўнасці некалькіх варыянтаў слова за асноўны прымаецца найбольш пашыраны), яго граматычную характарыстыку (указваецца прыналежнасць слова да пэўнай часціны мовы, пры патрэбе – ступень параўнання, трыванне, лік і пад.), дэфініцыю (пры тлумачэнні значэння слова перавага аддаецца падбору адпаведнага семантычнага эквівалента сучаснай беларускай літаратурнай мовы, апісальны спосаб выкарыстоўваецца тады, калі гутарка ідзе пра прадметы, рэаліі, якія выйшлі з ужытку ў пазнейшы час, адсылачны спосаб – пры раскрыцці значэння вытворных слоў), экземпліфікацыя, прычым яна падабрана з такім разлікам, каб паказаць ужывальнасць лексемы ў тэкстах рознай жанрава-стылявой прыналежнасці; устойлівыя слоўныя комплексы, калі разглядаемае слова зафіксавана ў іх складзе.

Матэрыялы слоўніка запатрабаваны пры стварэнні прац, прысвечаных фарміраванню і эвалюцыі лексічнай сістэмы беларускай мовы, характарыстыцы асаблівасцей слоўнікавага складу асобных старабеларускіх помнікаў; пры падрыхтоўцы спецыяльных лексікаграфічных даведнікаў (гістарычных і этымалагічных слоўнікаў славянскіх моў, гістарычных слоўнікаў асобных тэматычных груп лексікі, слоўнікаў устарэлых слоў, слоўнікаў мовы асобных твораў старабеларускай пісьменнасці і інш.); у выкладчыцкай практыцы (пры стварэнні падручнікаў і практыкумаў па гістарычнай граматыцы беларускай мовы, гістарычнай лексікалогіі, марфалогіі, сінтаксісе, фразеалогіі).

Наяўнасць у слоўніку разнастайных гістарычных, юрыдычных, этнаграфічных звестак дазваляе звяртацца да яго пры распрацоўцы пытанняў сувязі паміж мовай і этнасам, пры асвятленні пытанняў узаемадзеяння ўсходнеславянскіх моў і народаў.

“Гістарычны слоўнік беларускай мовы” неабходна выкарыстоўваць у разнастайных мерапрыемствах, накіраваных на папулярызацыю мінулага беларускага народа, на далучэнне грамадскасці да нацыянальнай спадчыны.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы