У кнізе даследуецца сутнасць і месца нульсуфіксальных назоўнікаў у лексічным складзе сучаснай беларускай мовы.
Аўтар адзначае, што нулявая суфіксацыя на сучасным этапе вызначаецца як адзін з найбольш актыўных спосабаў утварэння слоў у большасці славянскіх моў. Беларуская мова не з’яўляецца выключэннем. “Больш за тое, гісторыя развіцця беларускай мовы і яе функцыянаванне ў розныя перыяды сведчаць пра тое, што менавіта гэты спосаб словаўтварэння маркіраваны ў адносінах да беларускай мовы: утварэнне і выкарыстанне нульсуфіксальных дэрыватаў актывізуецца ў перыяды павышэння цікавасці да беларускай мовы, пашыранага ўжытку яе ў найбольш важных сферах грамадскага жыцця і звязана з тэндэнцыяй маніфестацыі спецыфічных (у параўнанні з суседнімі рускай і польскай мовамі) нацыянальных рыс беларускай мовы”.
У першай главе – “Нулявая суфіксацыя ў сістэме і ў тэксце”– выкладаецца канцэпцыя даследавання, акрэсліваецца спецыфіка нульсуфіксальнага спосабу словаўтварэння, канстатуецца неадназначнасць поглядаў на ўтварэнне шэрагу назоўнікаў і колькасныя разыходжанні ў вызначэнні нульсуфіксальных тыпаў назоўнікаў у граматычных апісаннях беларускай, украінскай і рускай моў, аналізуюцца таксама погляды польскіх лінгвістаў на ўтварэнні тыпу filolog, beg. Два параграфы “З гісторыі лексікаграфічнай кадыфікацыі нульсуфіксальных назоўнікаў” і “Функцыянаванне нульсуфіксальных наватвораў у сучасным пісьмовым маўленні” змяшчаюць інфармацыю аб ступені прэзентацыі слоў названага тыпу ў лексікаграфічных крыніцах розных гадоў выдання, змяненнях у семантычнай структуры некаторых назоўнікаў (рэз, заход, перавод і інш.), лексемах, якія пэўны час знаходзіліся на перыферыі лексічнай сістэмы, але ў сучаснай беларускай мове перайшлі ў яе актыўны слоўнікавы склад (аповед, расповед, выстава і інш.). Другая глава – “Матывацыйныя адносіны дзеяслова і нульсуфіксальнага назоўніка” – прысвечана апісанню сістэмы матывацыі аддзеяслоўных нульсуфіксальных назоўнікаў: семантычных сувязей імён з дзеясловамі, суаднесенасці катэгорыі трывання матывавальнага дзеяслова з лексічным значэннем матываванага назоўніка. У трэцяй главе – “Марфаналагічныя працэсы пры нульсуфіксальным утварэнні назоўнікаў” – апісваюцца фармальныя пераўтварэнні матывавальных дзеяслоўных асноў у складзе матываваных асноў нульсуфіксальных субстантываў. Прадстаўленыя марфаналагічныя характарыстыкі матываваных асноў утрымліваюць важную інфармацыю марфаналагічнай маркіраванасці граматычных катэгорый і словаўтваральных тыпаў, а таксама адыгрываюць вельмі важную ролю як паказчыкі словаўтваральнай базы і напрамку матывацыі.
Манаграфія адрасуецца выкладчыкам, аспірантам, студэнтам філалагічных факультэтаў, усім, хто цікавіцца беларускай мовай.