Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны

Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны / А. А. Крывіцкі [і інш.]; уклад.: Ф. Д. Клімчук [і інш.]; навук. рэд. Г. А. Цыхун. - Мінск: Беларуская навука, 2016. - 275 с.

ІSBN 978-985-08-2022-8.

У кнізе падаецца моўны матэрыял, сабраны ў населеных пунктах культурна-гістарычнага і прыродна-геаграфічнага рэгіёна Тураўшчыны і яго праекцыя на картах мікраатласа. Цэнтральнае становішча Тураўшчыны ў межах Беларускага Палесся дазваляе прасачыць яго сувязі з іншымі дыялектнымі зонамі і адначасова сведчыць пра захаванне рэгіянальнай моўнай культуры. Кніга з’яўляецца працягам пяцітомнага «Тураўскага слоўніка» (1982-1987).

Адрасуецца як спецыялістам-моваведам, так і шырокай грамадскасці, якая цікавіцца мовай, культурай і гісторыяй асобных рэгіёнаў Беларусі.


Прадмова

 

Ідэя «Лінгвістычнага мікраатласа Тураўшчыны» (ЛМТ) узнікла ў працэсе збірання матэрыялаў для складання «Тураўскага слоўніка». Ініцыятары яго стварэння меркавалі, што ён будзе заключнай часткай слоўніка[1]. Збіральнікі матэрыялаў, уяўляючы на першых парах Тураўшчыну як кампактны дыялектны арэал з аднатыпнай гаворкай, вельмі хутка заўважылі істотныя адрозненні на адносна невялікай тэрыторыі[2], якую звычайна да гэтага разглядалі ў дыялектным плане ў якасці працягу гаворак Мазырскага Палесся. Пры гэтым выявілася, што мясцовыя жыхары даволі добра ведаюць такія адрозненні і могуць больш-менш дакладна вызначыць межы шмат якіх асаблівасцяў, арыентуючыся на бліжэйшыя суседнія населеныя пункты. Усё гэта сведчыла аб старажытным моўным ландшафце Тураўшчыны, што складваўся тут на працягу значнага часу. Адносная ізаляванасць тэрыторыі, стабільны гаспадарчы ўклад, а таксама адсутнасць істотных перамяшчэнняў і шматлікасць насельніцтва дазвалялі падтрымліваць выразны мясцовы узус у большасці абследаваных пасяленняў. Складзеныя на падставе сабраных па спецыяльным апытальніку матэрыялах карты ЛМТ маюць на мэце паказаць унутраную дыферэнцыяцыю гэтага старажытнага моўнага рэгіёна. Паколькі ён размешчаны ў цэнтральнай частцы Беларускага Палесся, была зроблена спроба прадэманстраваць яго сувязі як з усходнепалескімі, так і з заходнепалескімі гаворкамі, што запатрабавала пашырыць спіс абследаваных населеных пунктаў за межы гістарычнай Тураўшчыны. Умоўнасць гэтых межаў з самага пачатку працы над складаннем слоўніка добра ўсведамлялася экспларатарамі[3]. Першапачаткова меркавалася акрамя 33 вёсак у наваколлі і самога Турава ахапіць каля 60 населеных пунктаў на больш аддаленай тэрыторыі[4], аднак фактычна была абследавана значна меншая колькасць сёл па суседству з гэтай зонай (гл. спіс абследаваных пунктаў).

Такім чынам, структура мікраатласа ўключае цэнтральную частку — уласна Тураўшчыну як прыродна-геаграфічны і культурна-гістарычны рэгіён, абмежаваны з поўначы Прыпяццю, на ўсходзе і поўдні яе прытокамі Маствой (па-мясцоваму — Моствай, Моўствай) і Сцвігай, а на захадзе Гарынню[5], і перыферыю — выбарачна абследаваныя па праграме населеныя пункты, што ўтвараюць гэтак званую бліжнюю перыферыю, якая ў агульных рысах абмяжоўваецца з поўначы чыгункай Брэст—Гомель, на поўдні — граніцай з Украінай, на захадзе — рэкамі Гарынню і Ланню, на ўсходзе — тэрыторыяй Жыткавіцкага раёна і ракой Свінавод[6], а таксама гэтак званую дальнюю перыферыю за межамі акрэсленага арэала, якую ўтвараюць населеныя пункты, што знаходзяцца на значнай адлегласці ад цэнтральнага рэгіёна ЛМТ і ўмоўна размешчаны на карце-схеме за вертыкальнай рысай. Такая структура мікраатласа, апрабаваная ў некаторых палескіх атласах[7], дазваляе ўключыць гаворкі Тураўшчыны ў больш шырокі дыялекталагічны кантэкст. Разам з тым у шмат якіх выпадках яна дэманструе іх своеасаблівасць у лінгвагеаграфічным плане[8], што дае падставы для арэальнай інтэрпрэтацыі разгледжаных з’яў у якасці мясцовых інавацый ці архаізмаў.

Збіранне матэрыялаў для складання ЛМТ пачалося ў 1979 г. Асновай працы стаў «Апытальнік Лінгвістычнага мікраатласа Тураўшчыны», складзены А.А. Крывіцкім на падставе наяўнай у той час картатэкі матэрыялаў для «Тураўскага слоўніка». У працэсе абследавання ў яго ўносіліся пэўныя папраўкі і ўдакладненні (гл. папраўлены поўны тэкст апытальніка). Змест яго ўключае наступныя раздзелы: Анамастыка. Фанетыка. Марфалогія. Лексічны склад. У межах гэтых раздзелаў падаюцца пранумараваныя ўкладальнікамі ЛМТ асобныя тэмы, да якіх аднесены адпаведныя карты-схемы. Па аб’ектыўных прычынах «Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны» ахоплівае не ўсе адказы на пастаўленыя ў апытальніку пытанні, бо грунтуецца пераважна на матэрыялах, атрыманых ад носьбітаў гаворак абследаванага на працягу 1979—1992 гг. арэала па раздзелах «Марфалогія» і «Лексічны склад». Акрамя таго ў некаторых населеных пунктах па просьбе ўкладальнікаў было праведзена дадатковае апытанне, звычайна знаўцамі адпаведнай гаворкі, а таксама выкарыстаны апублікаваныя матэрыялы і нанова сабраныя аўтарскім калектывам гэтага выдання. Як відаць з яго зместу, асноўную частку складаюць карты, прысвечаныя лексічнаму складу тураўскай гаворкі і яе акружэння. У гэтым плане, як ужо адзначалася, «Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны» як непасрэдны працяг «Тураўскага слоўніка» дае праекцыю найбольш цікавай лексікі на шырокую лінгвагеаграфічную прастору. Праўда, як аказалася ў рэальнасці, часавы прамежак паміж пачаткам стварэння картатэкі «Тураўскага слоўніка» (1966 г.) і працай па зборы матэрыялаў для мікраатласа паўплываў пэўным чынам на канчатковыя вынікі: шмат якіх слоў, зафіксаваных раней у некаторых населеных пунктах Тураўшчыны і прысутных у апытальніку, не ведалі ці не маглі дакладна падаць іх значэнне маладзейшыя інфарманты з тых самых мясцовасцяў. Зразумела, што гэта магло быць адлюстраваннем рознай методыкі збору матэрыялаў: з аднаго боку, штодзённыя сустрэчы і размовы з вялікай колькасцю носьбітаў гаворкі з мэтай выявіць мясцовы лексічны узус, з другога боку, фактычнае апытванне шляхам інтэрв’ю ці анкетавання ў час кароткачасовага наведвання населенага пункта. Таму пры картаграфаванні мы не пераносілі геаграфічных дадзеных, зафіксаваных у «Тураўскім слоўніку», у ЛМТ. Такая методыка збору матэрыялу магла паўплываць і на фіксацыю семантыкі некаторых слоў у мікраатласе — нярэдка яна адлюстроўвала індывідуальную рэакцыю інфарманта на зададзенае пытанне і была своеасаблівай сітуацыйнай імправізацыяй без суаднясення з адпаведным мясцовым узусам. Наогул, такое апытанне з прад’яўленнем у якасці стымулаў асобных лексем, асабліва слоў з падраздзелаў апытальніка «Ці ведаеце гэтыя словы ў адзначаным значэнні?» і «Ці ведаюць гэтыя словы і што яны абазначаюць?», у нечым нагадвала асацыятыўны эксперымент. У адказах на такія пытанні інфарманты часам падавалі блізкую па гучанні ці па значэнні назву, што мы палічылі неабходным адлюстраваць на картах-схемах, хаця гэтае слова і не з’яўлялася дакладным адказам на пастаўленае пытанне[9]. Зразумела, што ў гэтых выпадках лінгвагеаграфічная характарыстыка адносіцца толькі да слоў ці выразаў, якія былі прадметам апытання, што датычыць астатніх адказаў, то яны адзначаюцца на картах толькі ў тых пунктах, дзе зафіксаваны як дадатковая рэакцыя інфарманта, звязаная з пастаўленым пытаннем. Часам такія адказы сведчаць пра адсутнасць пытанага слова ў гэтым населеным пункце або пра невядомасць яго канкрэтнаму інфарманту.

У сувязі з гэтым «Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны», з’яўляючыся ў значнай ступені своеасаблівым дадаткам да «Тураўскага слоўніка» (анатаваны спіс асноўных крыніц лексічных матэрыялаў па Тураўшчыне гл. у гэтым выданні), ставіць і часткова вырашае свае спецыфічныя задачы ў галіне лінгвагеаграфіі, сацыялінгвістыкі і псіхалінгвістыкі, бо нярэдка ў адказах інфармантаў, асабліва ў адносінах да слоў з іх пасіўнага запасу, прысутнічае «народнаэтымалагічны» аспект, які праяўляецца ў развагах тыпу: До чого гэто можно прыкласці? Гэтыя развагі і асацыяцыі адлюстраваны ў запісах адказаў на пытанні, якія прыводзяцца цалкам у гэтым выданні ў аўтэнтычным выглядзе, часам з тлумачэннямі па-руску, якія давалі маладзейшыя інфарманты. Для картаграфавання было праведзена абагульненне гэтых запісаў з улікам адпаведных матэрыялаў «Тураўскага слоўніка», бо нярэдка ў адказах змяшчаўся толькі намёк на ўжыванне пэўнага слова ці ўказанне на найбольш часты кантэкст такога ўжывання.

Асноўную працу па збіранню і апрацоўцы матэрыялаў для ЛМТ на працягу ўсяго перыяду падрыхтоўкі ажыццяўляў аўтарскі калектыў ініцыятараў і стваральнікаў «Тураўскага слоўніка». Актыўны ўдзел у зборы матэрыялаў як на самой Тураўшчыне, так і асабліва на яе бліжняй і дальняй перыферыі, прыняў Ф.Д. Клімчук, які разам з У.А. Кошчанкам правёў  картаграфаванне ўсіх матэрыялаў. Пры падрыхтоўцы атласа да друку ў тэхнічным і арганізацыйным плане значную працу выканалі І.І. Лапуцкая і М.А. Саскевіч. Асобныя пункты за межамі Тураўшчыны, уключаныя ў ЛМТ, абследавалі В.М. Галай (№ 61, в. Ткачы), У.В. Грышанаў (№ 62, в. Лапацін), К.С. Карнялюк (№ 65, в. Андронава), В.В. Шапялевіч (№ 63, в. Каўняцін), В.В. Шур (№ 67, в. Стадолічы). Пэўныя ўдакладненні і дапаўненні ў матэрыялы ЛМТ унеслі С.А. Мышапуд, М.І. Пашкевіч, К.Ф. Руц, М.А. Скачэк і іншыя даследчыкі палескіх гаворак.

Такім чынам, «Лінгвістычны мікраатлас Тураўшчыны», у падрыхтоўцы якога на працягу больш чым 35 гадоў прымалі ўдзел як ініцыятары і стваральнікі «Тураўскага слоўніка», так і шырокае кола лінгвістаў і аматараў роднага слова, завяршае пэўны этап вывучэння мовы і багатай культурнай спадчыны гэтага ўнікальнага гістарычнага рэгіёна Беларусі.

 

Генадзь Цыхун



[1] Крывіцкі А.А., Цыхун Г.А., Яшкін І.Я. Пра слоўнік Тураўшчыны // Народнае слова. — Мінск, 1976. — С. 292.

[2] Гэтым, у прыватнасці, тлумачыцца ўжыванне тэрміна «мікраатлас».

[3] Крывіцкі А.А. Тураўшчына і слоўнік яе гаворкі // Тураўскі слоўнік. — Мінск, 1982. — Т. 1. — С. 9.

[4] Крывіцкі А.А., Яшкін І.Я. Лінгвагеаграфічнае вывучэнне Тураўшчыны // Народная словатворчасць. — Мінск, 1979. — С. 302.

[5] Тураўскі слоўнік. — Мінск, 1982. — Т. 1. — С. 9.

[6] Крывіцкі А.А., Яшкін І.Я. Лінгвагеаграфічнае вывучэнне Тураўшчыны. — С. 303.

[7] Гл., напрыклад: Самуйлік Я.Р. Атлас гаворак Выганаўскага Палесся. — Брэст, 2013.

[8] Параўн. ізаглосы, якія акрэсліваюць Тураўшчыну ў кн.: Лексічныя ландшафты Беларусі. Жывёльны свет. — Мінск, 1995. — С. 155.

[9] Паводле польскіх даследчыкаў, такая методыка паказвае, “jak różnicuje się poziom rozumienia i używania słownictwa gwarowego w zależności od parametrów socjalnych charakteryzujących poszczególnych użytkowników języka... Zwykle bowiem pytanie o jeden leksem powoduje przywołanie innego” (Kucharchyk R. O potrzebie socjolingwistycznego badania zmian w  słownictwie gwarowym // Języki słowiańskie w ujęciu socjolingwistycznym. — Kraków, 2012. — S. 73).

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы