Николаева, О.М. Краткий современный русско-белорусский словарь для школьников» / О.М. Николаева, Т.Н. Трухан; под ред. А.А. Лукашанца. – Минск: Белорус. ассоц. «Конкурс», 2011. – 464 с.

«Краткий современный русско-белорусский словарь для школьников» уключае звыш 15 тысяч найбольш ужывальных і актуальных для нашага часу рэестравых слоў, у тым ліку і новых (што пачалі выкарыстоўвацца носьбітамі мовы ў пачатку ХХІ стагоддзя (тыпу ноутбук, тостер, инаугурация і інш.). У Слоўніку яны забяспечваюцца адпаведнымі сучаснымі ўжывальнымі беларускімі эквівалентамі. Слоўнік прызначаны, у першую чаргу, для вучняў сярэдніх школ і ліцэяў, але яго карыстальнікамі могуць быць таксама студэнты і настаўнікі. Асноўнае яго назначэнне – быць дапаможнікам пры перакладзе з рускай мовы на беларускую, а таксама агульнадаступным нарматыўным даведнікам па ўжыванні лексікі абедзвюх блізкароднасных моў.

          У Слоўніку прыняты алфавітны спосаб размеркавання лексічнага матэрыялу. Характарыстыка слова ў ім уключае напісанне, значэнне, указанне сферы функцыянавання, даныя аб спалучальнасці, граматычныя, акцэнталагічныя і стылістычныя даныя, а таксама формы роднага склону беларускіх эквівалентаў. Пры рускіх словах, а таксама ў шэрагу выпадкаў пры іх асобных значэннях прыводзяцца паметы, якія ўказваюць на сферу прымянення лексічных адзінак (анат., астр., бот., биол.,  ист. і інш.).

         Пэўная колькасць кніжных і параўнальна новых слоў падаецца з кароткімі даступнымі тлумачэннямі, што садзейнічае інфарматыўнасці Слоўніка, прызначанага для школьнікаў, напрыклад: виртуа́льный (не существующий или возникающий при определенных условиях).

         Акрамя апісання асноўных значэнняў слоў у Слоўніку прадстаўлены пераносныя значэнні, а таксама адценні значэнняў.

         У Слоўніку паслядоўна кваліфікуюцца арфаграфічныя і арфаэпічныя нормы, у некаторых выпадках у адпаведнасці з сучаснымі нормамі і правільным літаратурным вымаўленнем удакладнена пастаноўка націску.  

         Ілюстрацыйны фонд Слоўніка ўтрымлівае агульнаўжывальныя словазлучэнні, якія дэманструюць сінтаксічную і семантычную спалучальнасць лексем (овощно́й сала́т – сала́та з агаро́дніны), тэрміналагічныя словазлучэнні, якія выкарыстоўваюцца ў школьнай практыцы (просты́е чи́сла мат. – про́стыя лікі; просто́е предложе́ние лингв. – про́сты сказ), фразеалагізмы, прыказкі і прымаўкі (◊ ни слу́ху ни ду́ху – ні слы́ху ні ды́ху, няма́ і по́чуту; на чужо́й рото́к не наки́нешь плато́к погов. ніко́му язы́к не завя́жаш), а таксама састаўныя ўласныя імёны (Поля́рный круг – Паля́рны круг; Алма́зный фонд – Алма́зны фонд).      

Тыпалогія ўзаемасувязей беларускай і рускай моў і праблемы нацыянальнай самаідэнтыфікацыі: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі” (Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, Мінск, 19 – 20 красавіка 2011 г.) / Рэд. калегія: В.М. Нікалаева [і інш.]. Мінск: Права і эканоміка, 2011. – 375 с. (23,5 ул.-выд. арк., 100 экз.

 

         У зборніку матэрыялаў дакладаў удзельнікаў Міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая адбылася ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі 19 – 20 красавіка 2011 г. на базе аддзела беларуска-рускіх моўных і літаратурных сувязей, змешчаны даклады айчынных і замежных вучоных-лінгвістаў, зацікаўленых у шырокім абмеркаванні надзённых праблем моўных узаемасувязей.

Матэрыялы дакладаў  прысвечаны актуальнай праблеме суіснавання і функцыянавання блізкароднасных рускай і беларускай моў ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя ў нашай краіне на сучасным этапе, а таксама шматаспектным пытанням супастаўляльнага даследавання моўных адзінак на ўсіх узроўнях. У матэрыялах дакладаў акрэслены найбольш важныя напрамкі вывучэння разнастайных пытанняў гэтай актуальнай праблематыкі, падкрэслена неабходнасць далейшага глыбокага навуковага моўнага рознаўзроўневага супастаўлення, а таксама вывучэння сацыяльнага кантэксту функцыянавання дзяржаўных моў з улікам працэсаў, якія адбываюцца ў сацыяльнай структуры сучаснага грамадства, што, на думку даследчыкаў – удзельнікаў канферэнцыі, будзе спрыяць далейшаму высвятленню складаных пытанняў аб характары і памерах узаемадзеяння блізкароднасных моў у працэсе паралельнага ці пераменнага выкарыстання іх носьбітамі і аб рэальным статусе абедзьвюх дзяржаўных моў у нашай краіне.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы