Николаева, О.М. Современный русско-белорусский словарь / О.М. Николаева, Т.Н. Трухан; под ред. А.А. Лукашанца. – 2-е изд., испр. – Минск: ТетраСистемс, 2012. – 576 с.

 

“Современный русско-белорусский словарь”, які належыць да сферы агульных перакладных двухмоўных лексікаграфічных прац, падрыхтаваны канд. філал. навук В.М. Нікалаевай і канд. філал. навук Т.М. Трухан пад навук. рэд. докт. філал. навук, чл.-кар. НАН Беларусі, праф. А.А. Лукашанца. У Слоўніку прадстаўлены звыш 30 тысяч найбольш ужывальных і актуальных рэестравых слоў з іх беларускімі эквівалентамі.

Асноўнай задачай аўтараў Слоўніка з’явіўся паказ стану лексічнага фонду дзвюх блізкароднасных моў на пачатку ХХІ стагоддзя ў адпаведнасці з сучасным разуменнем нормы, а таксама ўдакладненне аб’ёму значэнняў, сфер ужывання, сучасных граматычных, акцэнталагічных і стылістычных характарыстык рускіх і беларускіх слоў. Асноўнае назначэнне Слоўніка – быць агульнадаступным даведнікам пры перакладзе з рускай мовы на беларускую.

Слоўнікавы артыкул уключае рускае рэестравае слова, яго значэнне (пры неабходнасці), указанне сферы функцыянавання, даныя аб спалучальнасці, граматычная, акцэнталагічная і стылістычная характарыстыка; да беларускіх эквівалентаў, акрамя пералічаных параметраў, прыводзяцца яшчэ і формы роднага склону. Акрамя агульнаўжывальнай лексікі асноўнага фонду, рэестравая частка (рускі лексікон) слоўніка ўключае шмат новых, актуальных лексем (тыпу принтер, ноутбук, саммит, монитор, канапе, фликер і інш.), для якіх падаюцца беларускія адпаведнікі. Для многіх слоў у якасці ілюстрацыі прадстаўлены не толькі агульнавядомыя, шырокаўжывальныя ў моўнай практыцы словаспалучэнні, але і дастаткова новыя, характэрныя для нашага часу (тыпу рассро́чка платеже́й – растэрміноўка плацяжоў, ба́ртерный обме́н – ба́ртарны абме́н).

Да адметнасцей Слоўніка трэба аднесці ўважлівую распрацоўку сэнсавай часткі слоў. Да значнай колькасці рускіх лексем прыведзены дадатковыя новыя значэнні. У Слоўніку ўдакладнены аб’ём значэнняў зыходных адзінак у адпаведнасці з данымі сучасных тлумачальных слоўнікаў рускай мовы і ў цэлым шэрагу выпадкаў тлумачэнне рускіх рэестравых слоў. У адпаведнасці з вызначаным семантычным аб’ёмам зыходнай адзінкі падкарэкціраваны і набор беларускіх эквівалентаў.

         У Слоўніку больш строга і паслядоўна кваліфікуюцца арфаграфічныя, граматычныя і арфаэпічныя нормы рускіх лексем, што адпавядае сучасным патрабаванням напісання і вымаўлення слоў рускай літаратурнай мовы; выданне падрыхтавана таксама з улікам новых правіл беларускай арфаграфіі.

         Слоўнік разлічаны на шырокае кола чытачоў.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы