Сучасныя праблемы анамастыкі: зборнік навуковых артыкулаў

Сучасныя праблемы анамастыкі : зборнік навуковых артыкулаў / НАН Беларусі, Цэнтр даслед. беларус. культуры, мовы і літ., Ін-т мовазнаўства імя Якуба Коласа ; навук. рэд. І. Л. Капылоў. – Мінск : Беларуская навука, 2024. – Вып. 2. – 140 с.

Увазе чытача прапануецца другі выпуск зборніка навуковых артыкулаў «Сучасныя праблемы анамастыкі», заснаванага ў 2022 г. Ён сфарміраваны на аснове дакладаў, зробленых падчас Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Сучасныя праблемы анамастыкі», якая адбылася 13–14 верасня 2023 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа. У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі навуковых арганізацый і ВНУ Беларусі (Брэст, Віцебск, Гомель, Мазыр, Мінск), Расіі (Варонеж, Кастрама, Смаленск), Прыднястроўя (Ціраспаль).

У зборніку асвятляюцца актуальныя пытанні тэорыі і практыкі анамастычных даследаванняў.

З пазіцый кагнітыўнай тэорыі прататыпаў разглядаецца сістэма ўласных геаграфічных назваў Беларусі, закранаюцца асобныя аспекты ўпарадкавання беларускай анамастычнай тэрміналогіі на ўсходнеславянскім фоне, абгрунтоўваецца дыфузнасць лінгвакультурнага складніка ўласных імёнаў.

Значнае месца адводзіцца пытанням арганізацыі гарадской онімнай прасторы: робіцца агляд функцыянавання розных груп эргонімнай лексікі ў 1920-я гг. у гістарычным і сацыялінгвістычным аспектах, праводзіцца структурна-семантычны аналіз гадонімаў і эргонімаў асобных беларускіх гарадоў, апісваюцца прынцыпы намінацыі і нарматыўна-прававы аспект функцыянавання назваў унутрыгарадскіх аб’ектаў.

Традыцыйна актуальнымі застаюцца праблемы даследавання антрапаніміі: разглядаецца лінгвакультуралагічны патэнцыял унікальных беларускіх прозвішчных адзінак, аналізуюцца антрапанімічныя лінгвакультурэмы, якія змяшчаюць інфармацыю аб даўніх зніклых або спецыфічных рэгіянальных рэаліях, міжнацыянальных кантактах, матэрыяльных і духоўных артэфактаў беларусаў; на матэрыяле корпуса тэкстаў 1918–1941 гг. апісваюцца структурныя тыпы прозвішчаў і іх арфаграфічная варыятыўнасць, паказваецца роля прозвішчаў у вывучэнні рэгіянальнай анамастыкі і выяўленні нацыянальна-культурнай семантыкі, на аснове аналізу шматлікіх гістарычных крыніц даследуюцца традыцыйныя (з 1830-х гг.) і сучасныя падыходы ў выбары імёнаў беларусаў, праводзіцца агляд напрамкаў антрапанімічных даследаванняў вучоных віцебскай анамастычнай школы.

Аўтарамі навуковых артыкулаў удзяляецца значная ўвага праблеме мемарыялізацыі страчаных назваў: праводзіцца ўстанаўленне семантыкі асноў зніклых тапонімаў, выдзяляюцца асноўныя прычыны масавых знікненняў айконімаў, разглядаецца роля сродкаў масавых камунікацый у рэалізацыі камемаратыўных тапанімічных практык.

У значнай колькасці матэрыялаў раскрываюцца асаблівасці онімнай прасторы публіцыстычнага і мастацкага тэкстаў: удзяляецца ўвага тэарэтычным пытанням анамастычнай прасторы мастацкіх празаічных тэкстаў, раскрываецца анамастычны код грамадзянскай лірыкі асобных паэтаў, даецца структурна-семантычная і функцыянальная характарыстыка антрапанімікону аўтарскага зборніка паэзіі, праводзіцца аналіз ужывання тэанімічнай лексікі ў творах беларускіх аўтараў ХІХ стагоддзя, раскрываюцца асаблівасці анамастыкону малых жанраў фальклору асобных рэгіёнаў Беларусі.

У асобным артыкуле разглядаюцца мікратапонімы, утвораныя на базе геаграфічнай тэрміналогіі, і паказваецца роля ўласных назваў дробных геаграфічных аб’ектаў у вывучэнні дыялектнай мовы.

У зборніку таксама звяртаецца ўвага на ролю онімнай лексікі ў сістэме навучання: разглядаюцца функцыі онімаў у працэсе фарміравання сацыякультурнай кампетэнцыі пры вывучэнні беларускай мовы як замежнай, прыводзяцца крытэрыі адбору беларускай нацыянальна маркіраванай лексікі пры фарміраванні лексічнага мінімуму, а таксама анамастычныя разрады, якія могуць быць уключаны ў лексічны мінімум.

Вялікую цікавасць уяўляе эпісталярная спадчына вядомага беларускага географа і тапаніміста В. А. Жучкевіча, асабліва каментарыі аўтара ў адказ на крытычныя заўвагі датычна «Кароткага тапанімічнага слоўніка Беларусі» (1974). Інфармацыя, якая змяшчаецца ў лістах, дазваляе атрымаць уяўленне аб праблемах, з якімі сутыкаліся складальнікі першых слоўнікаў айконімаў Беларусі.

У матэрыялах зборніка закранаюцца таксама пытанні сучаснага стану і перспектыў развіцця анамастычнай навукі ў нашай краіне, праблемы супастаўляльных даследаванняў у галіне анамастыкі на матэрыяле славянскіх і неславянскіх моў.

Канферэнцыя «Сучасныя праблемы анамастыкі» была прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння заснавальніка нацыянальнай акадэмічнай анамастычнай школы акадэміка Мікалая Васільевіча Бірылы. Па ініцыятыве М. В. Бірылы ў 1960-я гг. была разгорнута калектыўная праца па стварэнні базы звестак розных катэгорый анамастычнай лексікі, якая ўключала антрапанімію старабеларускіх помнікаў, сучасныя беларускія прозвішчы, поўны рэестр усходнеславянскіх назваў паселішчаў другой паловы XIX – пачатку XX ст. на аснове «Списков населенных мест Российской империи» (тт. 1–33). Адной з першых грунтоўных навуковых прац акадэміка М. В. Бірылы з’яўляецца даклад «Беларускія антрапанімічныя назвы ў іх адносінах да антрапанімічных назваў іншых славянскіх моў (рускай, украінскай, польскай)» (1963), з якім вучоны выступіў на V Міжнародным з’ездзе славістаў у Балгарыі. М. В. Бірыла з’яўляецца аўтарам шэрага тэарэтычных прац па анамастыцы: «Месца антрапанімічных назваў у лексічнай сістэме беларускай мовы» (1963); «Значэнне антрапаніміі пры вывучэнні тапаніміі і рэканструкцыі антрапонімаў па дадзеных тапаніміі» (1966); «Аб узаемадзеянні антрапанімічных і тапанімічных асноў» (1967); «З антрапаніміі Бельскай зямлі 16 ст.» (1967); «Цюркізмы ў беларускай антрапаніміі» (1967); «Літуанізмы ў беларускай антрапаніміі» (1970); «Шляхі антрапанімізацыі апелятыўнай лексікі» (1970); «Літоўскія элементы ў беларускай анамастыцы» (сумесна з А. Ванагасам, 1963), «Анамастычныя словаўтваральныя элементы ва ўсходне-заходнеславянскіх мовах» (сумесна з В. Лемцюговай, 1973) і інш. У доктарскай дысертацыі «Беларуская антрапанімія» Мікалай Васільевіч Бірыла даследаваў антрапанімную сістэму, якая функцыянавала ў беларускай мове ў «дапрозвішчны» перыяд.

М. В. Бірыла выступіў у якасці аднаго з заснавальнікаў і навуковых рэдактараў серыі зборнікаў «Беларуская анамастыка» (1977, 1982, 1985, 1992), у якіх апублікаваны навуковыя артыкулы, прысвечаныя тэарэтычным і практычным пытанням даследавання анамастычнай лексікі на матэрыяле розных рэгіёнаў Беларусі.

Вынікі шматгадовай работы Мікалая Васільевіча Бірылы па зборы антрапанімічнага матэрыялу і яго навуковай сістэматызацыі знайшлі адлюстраванне ў трохтомнай манаграфіі «Беларуская антрапанімія». У творчых планах акадэміка была падрыхтоўка і чацвёртага тома манаграфіі «Беларуская антрапанімія. Уласныя асабовыя жаночыя імёны», а таксама «Слоўніка беларускіх прозвішчаў», але заўчасная смерць не дазволіла аўтару ажыццявіць сваю задумку. Разам з тым многія ідэі Мікалая Васільевіча рэалізаваліся ў працах яго вучняў, калег і паслядоўнікаў.

Зборнік змяшчае матэрыялы круглага стала, прысвечанага юбілею М. В. Бірылы, у якіх адлюстравана асоба вучонага, а таксама яго ўклад у развіццё розных напрамкаў лінгвістычнай навукі: анамастыкі, дыялекталогіі, лінгвагеаграфіі, тэрміналогіі, лексікалогіі, лексікаграфіі, культуры мовы.

Акрамя матэрыялаў канферэнцыі, зборнік уключае мікратапонімы адной з вёсак Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, сабраныя аўтарам на месцы іх бытавання.

У канцы зборніка змешчаны два артыкулы, у якіх апісваюцца тапонімы, зафіксаваныя і даследаваныя вучнямі Падсвільскай сярэдняй школы імя П. М. Казлова Глыбоцкага раёна, пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу навуковых даследчых краязнаўчых работ у намінацыі «Гісторыя роднага краю».

 

Ігар Капылоў,
дырэктар Інстытута мовазнаўства Імя Якуба Коласа,
старшыня Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі

 

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы