Святое Евангелие. Слуцк : у 2 кн. – Мінск : Беларуская Праваслаўная Царква, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, 2009. – Кн. 1 : Святое Евангелие. Слуцк : узноўлены тэкст / узнаўл. тэксту Н.В. Паляшчук, Г.У. Федарэнка, Э.В. Ярмоленка. Кн. 2 : Святое Евангелие. Слуцк : даследаванне рукапісу / аўтары і навук. рэд. Н.В. Паляшчук, Г.У. Федарэнка, Э.В. Ярмоленка, Л.І. Станкевіч, Т.І. Рошчына. – 205 [2] с.
У манаграфіі “Святое Евангеліе. Слуцк” адлюстраваны асноўныя вынікі сумеснага навуковага праекта, у якім упершыню супрацоўнікамі аддзела гісторыі беларускай мовы інстытута і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі праведзена комплекснае навуковае даследаванне Слуцкага Евангелля 1581 г. Кнізе папярэднічала факсіміле помніка, выдадзенае ў 2009 г.
Частка 1 выдання змяшчае ўзноўлены тэкст манускрыпта (наборнае ўзнаўленне рукапісу ажыццяўлялася па алічбаванай копіі Евангелля; захавана яго дзяленне на лісты, слупкі, радкі; тэкст узноўлены літара ў літару, разбіты на паасобныя словы; уніфікавана ўжыванне некаторых графем; перададзены напісанні пад цітлай; радковыя пунктуацыйныя знакі пададзены ў адпаведнасці з іх размяшчэннем у рукапісе; адноўленыя напісанні ўзяты ў квадратныя дужкі).
У частцы 2 прадстаўлены дэталёвы кадыкалагічны і лінгвістычны аналіз (вызначаны тып паперы рукапісу, асаблівасці почырку перапісчыка, ахарактарызавана мастацкае аздабленне Евангелля, указаны этапы рэстаўрацыі помніка, стан яго захаванасці сёння; апісана сістэма графічных сродкаў тэксту, разгледжана яго арфаграфія, паказана ступень адлюстравання стараславянскіх, агульнаўсходнеславянскіх фанетычных рыс і рыс жывой беларускай гаворкі, даследаваны марфалагічны і сінтаксічны лад помніка, праведзена вывучэнне слоўнікавага складу, устаноўлена, што моўная аснова помніка царкоўнаславянская).
Матэрыялы манаграфіі дазваляюць паглыбіць веды аб граматычным, лексічным ладзе царкоўнаславянскай мовы, удакладніць яе ролю ў стварэнні, бытаванні і перадачы інтэлектуальнай спадчыны праваслаўнага славянства, складаюць падмурак доследам, прысвечаным яе развіццю і функцыянаванню як на тэрыторыі старажытнай Беларусі, так і на тэрыторыі ўсяго славянскага рэгіёну. Яны ўдакладняюць звесткі пра гістарычнае мінулае Слуцка як важнага асяродку беларускай культуры, асветы перыяду сярэднявечча. Кніга будзе выкарыстоўвацца пры падрыхтоўцы навуковых і метадычных работ гісторыка-лінгвістычнага зместу, работ па гісторыі кнігазнаўства, літаратуразнаўстве, тэалогіі, мастацтвазнаўстве, краязнаўстве.
Дадзенае выданне з’яўляецца ўзорам прэзентацыі і папулярызацыі іншых помнікаў, створаных на тэрыторыі Беларусі.