Выданні Аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі

Тэматычныя слоўнікі

У аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі на працягу 1999-2010 г.г. былі падрыхтаваны да друку і выдадзены чатыры тэматычныя дыялектныя слоўнікі. Гэтыя слоўнікі — вынік выбаркі і ўпарадкавання звестак розных крыніц. Такімі інфармацыйнымі крыніцамі сталі калектыўныя і індывідуальныя лексікаграфічныя даведнікі, якія з’явіліся на працягу мінулага стагоддзя і ў папярэднія часы; асобныя зборы слоў, змешчаныя ў розных рэгіянальных выданнях; словы, запісаныя ў час дыялекталагічных экспедыцый; матэрыялы лінгвагеаграфічных атласаў, а таксама мясцовая лексіка, уключаная ў спецыяльныя навуковыя ці энцыклапедычныя даведнікі, як «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» ў пяці тамах (1983-1986), «Птушкі Беларусі» (1967), «Рыбы» (1965) і інш. Усе створаныя слоўнікі ўяўляюць сабой сістэматызаваныя лексічныя даведнікі аб мясцовых рэгіянальных словах, якія ўжываюцца для абазначэння пэўнага паняцця або ўяўлення. У аснову тэматычнай класіфікацыі матэрыялу пакладзены пашыраныя народныя традыцыйныя ўяўленні аб групоўцы пэўных паняццяў, звязаных з ведамі чалавека пра жывёльны і раслінны свет, пра будову раслін і жывёл, чалавека і яго анатомію, пра асаблівасці існавання, уласцівасці і якасці, характэрныя для прадстаўнікоў жывой прыроды. Такім прынцыпам падзелу лексічнага матэрыялу, г.зн. у адпаведнасці з народнымі традыцыямі і ўяўленнямі, кіраваліся аўтары пры распрацоўцы ўсёй серыі тэматычных выданняў.

У апублікаваных слоўніках словы ўпарадкаваны ў артыкулах з улікам іх пашырэння ў беларускіх гаворках, а таксама з улікам агульнасці па корані. Падаюцца назвы ў адаптаваным да беларускай літаратурнай мовы запісе, аднак асобныя фанетычныя асаблівасці часам захоўваюцца, таксама выкарыстоўваюцца найбольш пашыраныя і традыцыйна ўжывальныя ў лексікаграфічных працах граматычныя паметы. Кожнае слова ў слоўнікавым артыкуле суправаджаецца запісам крыніцы яго рэгістрацыі ў прынятай да выдання скарочанай форме. Спіс выкарыстаных крыніц і іх скарачэнняў змяшчаецца ў кожным выданні. Усе апублікаваныя слоўнікі маюць алфавітны індэкс уключаных у іх слоў з указаннем старонкі, на якой яны сустракаюцца.  

 

Тэматычны слоўнік «Жывёльны свет». — Мінск: Беларус. навука, 1999. — 239 с.

Складальнікі: В. Д. Астрэйка, Ф. Д. Клімчук, А.А. Крывіцкі, Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова, Т. М. Трухан, А. І. Шаблоўскі.

Навуковыя рэдактары: Л. П. Кунцэвіч, А. А. Крывіцкі.

Гэта першы па часе стварэння і выдання тэматычны слоўнік. У ім змяшчаецца лексіка, якой абазначаюцца паняцці і ўяўленні пра прадстаўнікоў жывёльнага свету. Слоўнік складаецца з дзвюх частак. У першай прыводзяцца беларускія мясцовыя назвы прадстаўнікоў жывёльнага свету, у другой — агульныя назвы некаторых прадстаўнікоў жывёльнага свету, а таксама словы, якія выкарыстоўваюцца для іх характарыстыкі.  

 

Тэматычны слоўнік «Раслінны свет». — Мінск: Беларус. навука, 2001. — 655 с.

Складальнікі: В. Д. Астрэйка, М. А. Ісачанкава, Ф. Д. Клімчук, А.А. Крывіцкі, Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова, Т. М. Трухан, А. І. Шаблоўскі. Навуковыя рэдактары: Л. П. Кунцэвіч, А. А. Крывіцкі.

У слоўнік уключаны мясцовыя назвы раслін, грыбоў, а таксама лексіка, якой абазначаецца іх жыццядзейнасць. Даведнік складаецца з дзвюх частак. У першай прыводзяцца назвы раслінага свету, у другой — назвы груп раслін і словы, якія абазначаюць паняцці аб іх частках, жыццядзейнасці, якасцях, уласцівасцях і інш.

 

Тэматычны слоўнік «Чалавек». — Мінск: Беларус. навука, 2006. — 573 с.

Складальнікі: В. Д. Астрэйка, Н. М. Бунько, М. А. Ісачанкава, Ф. Д. Клімчук, А. А. Крывіцкі, А. У. Ксяндзова, Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова, Н. В. Сівіцкая, Т. М. Трухан, А. І. Шаблоўскі.

Навуковыя рэдактары Л. П. Кунцэвіч, А. А. Крывіцкі.

У слоўнік уключана лексіка, звязаная з фізічнымі і псіхічнымі характарыстыкамі чалавека, а таксама лексіка, якая характарызуе чалавека як грамадскага дзеяча, вызначае род яго заняткаў, сацыяльнае становішча і інш. Значная частка матэрыялаў выдання — гэта эмацыйна-экспрэсіўныя і ацэначныя словы.

 

Тэматычны слоўнік «Сельская гаспадарка». — Мінск: Беларус. навука, 2010. — 527 с.

Складальнікі: В. Д. Астрэйка, Н. М. Бунько, Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова, А. У. Ксяндзова, Ю. В. Маліцкі, Н. В. Сівіцкая, Т. М. Трухан, А. І. Шаблоўскі.

Навуковыя рэдактары: Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова.

У лексікаграфічны даведнік уключана лексіка, якая ў якасці намінацыйнага сродку выступае для абазначэння розных відаў заняткаў у сельскай гаспадарцы. Гэта: апрацоўка глебы, сяўба азімых і яравых культур, бульбы, агародніны, догляд пасеваў, збор і захаванне ўраджаю, нарыхтоўка кармоў. Гэта таксама і назвы разнастайных традыцыйных прылад працы ці дапаможных або спадручных сродкаў, з дапамогай якіх ажыццяўляецца той ці іншы этап працы хлебароба. Да групы абазначальных сродкаў, што непасрэдна або ўскосна звязваюцца з сельскай гаспадаркай, адносяцца і шматлікія іншыя найменні. Асобную частку слоўнікавых матэрыялаў складаюць назвы гаспадарчых і вытворчых пабудоў і іх частак, у якіх апрацоўвалася ці захоўвалася збожжа, лён, сена, салома, гаспадарчае начынне. Як адметны раздзел у слоўніку выступаюць найменні, якія ўвасабляюць традыцыйныя ўяўленні пра народную астраномію і метэаралагічныя з'явы.

Слоўнік «Сельская гаспадарка» — гэта апошні з серыі падрыхтаваных у аддзеле і выдадзеных дыялектных тэматычных лексікаграфічных даведнікаў.

 

Хрэстаматыя па беларускай дыялекталогіі. Цэнтральная зона. — Мінск: Беларус. навука, 2009. — 529 с.

Укладальнікі: В. Д. Астрэйка, Н. М. Бунько, М. А. Ісачанкава, У.А. Кошчанка, А. А. Крывіцкі, Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова, В. І. Крупко, А. У. Ксяндзова, Ю. В. Маліцкі, Н. В. Сівіцкая, Т. М. Трухан, А. І. Шаблоўскі.

Навуковыя рэдактары: Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова.

 

У выданне ўключаны тэксты, запісаныя ў асноўным на тэрыторыі раёнаў, якія ўваходзяць у склад Мінскай вобласці. Гэта Бярэзінскі (2005 г.), Валожынскі (2005 г.), Вілейскі (2003 г.), Дзяржынскі (2004 г.), Капыльскі (2002 г.), Клецкі (2002 г.), Крупскі (2001 г.), Лагойскі (2008 г.), Любанскі (2002 г., 2008 г.), Мядзельскі (2003 г.), Нясвіжскі (2000 г., 2003 г.), Пухавіцкі (2004 г.), Смалявіцкі (2005 г.), Старадарожскі (2004 г., 2008 г.), Стаўбцоўскі (2003 г., 2004 г.), Уздзенскі (2004 г.), Чэрвеньскі (2005 г.) раёны. Выкарыстаны таксама запісы, зробленыя ў асобных раёнах Гродзенскай вобл.: Ваўкавыскі (2008 г.), Зэльвенскі (2008 г.), Карэліцкі (2004 г.), Навагрудскі (1999 г., 2000 г.), Слонімскі (1998 г.), Шчучынскі (2008 г.); Магілёўскай вобл.: Асіповіцкі (2003 г.) р-н.

Акрамя тэкстаў у хрэстаматыі змяшчаецца тэарэтычная і даведачна-інфармацыйная частка матэрыялаў. Да ліку тэарэтычных матэрыялаў належаць артыкул пра цэнтральную дыялектную зону, а таксама навуковы каментарый, прысвечаны агляду асаблівасцей маўлення, адлюстраваных у тэкстах. У хрэстаматыі падаецца бібліяграфічных спіс. У спіс уключаны надрукаваныя працы пераважна беларускіх моваведаў і асобныя публікацыі іншых аўтараў, у якіх асвятляюцца праблемы нацыянальнай дыялекталогіі.

 

Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні. Зборнік навуковых артыкулаў / рэд. Л. П. Кунцэвіч, В. М. Курцова. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — Вып. І. — 316 с.

Выданне «Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні. Вып. І.» — гэта працяг серыі раней апублікаваных дыялекталагічных зборнікаў, якія рыхтаваліся да друку ў аддзеле дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі ў папярэднія гады. У прыватнасці: З народнага слоўніка. Мінск, 1975; Народнае слова. Мінск, 1976; Народная лексіка. Мінск, 1977; Народная словатворчасць. Мінск, 1979; Жывое народнае слова. Мінск, 1992; Гавораць чарнобыльцы. Мінск, 1994; Жывое наша слова. Мінск, 2001; Скарбы народнай мовы. Мінск, 2005; Народныя скарбы. Мінск, 2008. Зборнік «Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні. Вып. І.» складаецца з наступных раздзелаў: «З лексікі народных гаворак”, «Тапанімія», «Фразеалогія», «Навуковыя даследаванні», «Тэксты з беларускіх гаворак», у якіх асвятляюцца важнейшыя пытанні дыялектнай лексікаграфіі, лексікалогіі, фразеалогіі, фанетыкі, анамасіялогіі і інш. Выданне адрасавана моваведам, этнографам, гісторыкам, а таксама ўсім, хто цікавіцца родным словам.

Глядзіце таксама

  • Корпус беларускай мовы