Міжнародны дзень роднай мовы – штогадовае свята, заснаванае ў 2000 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА. Галоўная мэта гэтага свята – захаванне моўнай і культурнай шматстайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.
У гэтай сувязі для Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі асаблівае значэнне мае навукова-практычнае забеспячэнне паспяховага функцыянавання мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, у якіх павінна выкарыстоўвацца дзяржаўная мова краіны. База для гэтага створана ў акадэмічным Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа, бо менавіта гэты інстытут забяспечвае каардынацыю і правядзенне сістэмных даследаванняў у галіне беларускага мовазнаўства.
У гэтым годзе да Дня роднай мовы ў інстытуце прымеркавана:
1. 19 лютага ў 11 гадзін у Інстытуце мовазнаўства (адрас: Сурганава 1, корпус 2, пак. 302) адбудзецца навукова-практычны семінар “Сусветная мовазнаўчая славістычная бібліяграфія ў інтэрнэце: прынцыпы функцыянавання і практычнае выкарыстанне ў навуковай дзейнасці”. Семінар прысвечаны аднаму з найважнейшых складнікаў і інструментаў дзейнасці вучоных – навуковай інфармацыі. Для ўсіх даследчыкаў славянскіх моў такім інструментам з’яўляецца “Сусветная мовазнаўчая славістычная бібліяграфія”, якая ствараецца міжнароднай супольнасцю славістаў на базе Інстытута славістыкі Польскай акадэміі навук. З 2007 года бібліяграфія, першапачаткова кніжная, даступна ў інтэрнэце як інфармацыйна-пошукавая сістэма iSybislaw. На сённяшні дзень у ёй змешчана больш за 23 тысячы бібліяграфічных запісаў, якія ахопліваюць перыяд з 1992 г. да нашых дзён. Архітэктура гэтай сістэмы дазваляе навукоўцам не толькі атрымліваць інфармацыю пра выдадзеныя працы, але і вырашаць задачы навукова-метадалагічнага плану. Удзельнікі семінару атрымаюць метадычныя парады па практычным выкарыстанні бібліяграфічнай базы і даведаюцца пра разнастайныя пошукавыя інструменты для эфектыўнай працы з бібліяграфічнай інфармацыяй.
Запрашаюцца студэнты, магістранты, аспіранты, выкладчыкі ВНУ, настаўнікі, навуковыя супрацоўнікі акадэмічных устаноў.



Шаноўнае спадарства! Мы працягваем цыкл навукова-асветніцкіх лекцый-дыскусій, тэма наступнай сустрэчы – “Размоўная лексіка ў сучаснай беларускай мове”.
Рагачоўскія чытанні – 2016: матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай Дню беларускага пісьменства (г. Рагачоў, 3 верасня 2016 года) / Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. – Мінск : Права і эканоміка, 2016. – 146 с.








